Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.
Картка
Куды звяртацца, калі знайшоў чужую банкаўскую картку? Яе трэба прынесці ў міліцыю або ў бліжэйшы банк, раяць супрацоўнікі РАУС. А вось жыхарка Обалі паступіла інакш. З чужой банкаўскай карткі, якую згубіў мясцовы жыхар, за некалькі прыёмаў яна зняла 299 рублёў. За гэта супраць жанчыны па ч. 2 арт. 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь узбуджана крымінальная справа. Максімальнае пакаранне, што пагражае ліхадзейцы – пазбаўленне волі да пяці гадоў.
Грошы
Жыхар Улы звярнуўся ў РАУС з той нагоды, што з яго партаманета ўкралі 20 тысяч рублёў Расійскай Федэрацыі. Як высветлілася, падчас крадзяжу нецвярозы заяўнік заснуў на чыгуначным вакзале. Урон ад крадзяжу склаў 679 рублёў. Па дадзеным факце супрацоўнікі райаддзела Следчага камітэта ўзбудзілі крымінальную справу. Злачынца вышукваецца.
Грабеж
Пацярпеў жыхар Сіроціна. Ён расказаў супрацоўнікам РАУС, што напярэдадні быў у гасцях у Мосараве і распіваў з раней судзімым мясцовым жыхаром спіртное. Пасля чаго з сумкі госця прапаў мабільны тэлефон і 160 рублёў. Украдзенае часткова канфіскавана. Максімальнае пакаранне, што пагражае жыхару Мосарава – пазбаўленне волі ад 2 да 6 гадоў.
Тэлевізар
Жыхар аг. Светласельскі паведаміў у міліцыю, што ў яго з кватэры прапалі тэлевізар і гукавыя калонкі. Па гарачых слядах злодзей, раней судзімы жыхар райцэнтра, быў знойдзены. Укра-дзенае канфіскавана і будзе вернута гаспадару.
Са зводак ДАІ
Адзіны дзень бяспекі
28 жніўня супрацоўнікі ДАІ РАУС правялі адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам «Будзь прыкладам свайму дзіцяці!». Мэта мерапрыемства – прафілактыка дарожна-транспартнага траўматызму перад пачаткам новага навучальнага года. Інспектары ДПС правялі прафілактычныя рэйды, адпрацоўкі дарог рэспубліканскага і мясцовага значэнняў, нагадалі дарослым, наколькі важны іх станоўчы прыклад па выкананні Правілаў дарожнага руху для дзяцей.
Дыстанцыя
На перакрыжаванні вуліц Юбілейная і 70 год БССР адбылося дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам двух вялікагрузных транспартных сродкаў. Вадзіцель ДАФа (жыхар Расійскай Федэрацыі) прыпыніўся ля “зебры”, каб прапусціць пешаходаў. Праз некалькі секунд пачуў удар па аўтамабілі ззаду. Гэта вадзіцель «Вольвы» (жыхар Расійскай Федэрацыі), які ехаў следам, не захаваў бяспечную дыстанцыю і здзейсніў наезд. Складзены адміністрацыйны пратакол. Віноўніку ДТЗ пагражае штраф да 3 БВ.
Людміла ЗУЙКОВА.
Апублікавана ў №68 ад 01.09.2020 г.