«Bonfesto – дзецям»
У пятніцу, 28 жніўня, у Шуміліне ў «Верхнім горадзе» ва ўрачыстай абстаноўцы ў рамках праекта «Bonfesto — дзецям» быў адкрыты новы спартыўны аб’ект – футбольная пляцоўка са штучным пакрыццём памерам 20 на 40 метраў, абсталяваная агароджай, разметкай, варотамі і якая адпавядае сучасным еўрапейскім стандартам.
Новая пляцоўка – гэта сумесная работа многіх арганізацый: так, напрыклад, аснову для пляцоўкі зрабілі работнікі ДРБУ-204, сродкі на штучны газон і абсталяванне выдаткавалі «Тураўскі малочны камбінат» (гандлёвая марка Bonfesto) і Беларуская федэрацыя футбола, добраўпарадкаваннем займаліся работнікі УП ЖКГ і ФАЦ.
ААТ «Тураўскі малочны камбінат» сумесна з Асацыяцыяй «Беларуская федэрацыя футбола» і мясцовымі органамі ўлады ў 2018 годзе запусціў маштабны рэспубліканскі сацыяльны праект «Bonfesto – дзецям», у першы год было пабудавана 9 палёў па міні-футболе, у 2019 годзе – 12 футбольных пляцовак у розных населеных пунктах Беларусі. У рамках нацыянальнага сацыяльнага праекта па адкрыцці міні-футбольных палёў усяго за 2018-2022 гг. будзе пабудавана 78 аб’ектаў.
Ва ўрачыстым адкрыцці бралі ўдзел старшыня райвыканкама Віктар Гутараў, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футбола Міхаіл Вергяенка і прадстаўнік «Тураўскага малочнага камбіната» Кацярына Падгайская, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Палякова.
Віктар Гутараў адзначыў, што для дасягнення высокіх спартыўных дасягненняў вельмі патрэбна база. «Юныя шумілінскія футбалісты ўжо дасягнулі добрых вынікаў у футболе, неаднойчы станавіліся пераможцамі і прызёрамі разнастайных спаборніцтваў, – падкрэсліў Віктар Сяргеевіч. – А сёння, калі ў нас з’явілася такая цудоўная пляцоўка, упэўнены, што яшчэ больш дзяцей захопяцца футболам. І верыцца, што праз некаторы час пабачым шумілінскіх футбалістаў і на міжнароднай арэне».
Віктар Гутараў падзякаваў спонсарам сацыяльнага праекту і ўручыў падзячныя лісты райвыканкама Міхаілу Вергяенку і Кацярыне Падгайскай.
Кацярына Падгайская і Міхаіл Вергяенка ўручылі юным шумілінскім футбалістам камплекты спартыўнай формы і футбольных мячоў, а таксама пачастунак – сыры Bonfesto.
Ганаровыя госці перарэзалі чырвоную стужку, і новы спартыўны аб’ект прайшоў выпрабаванне мячом.
На пляцоўцы быў арганізаваны адкрыты турнір па міні-футболе сярод футбалістаў 2008 года нараджэння і маладзей. Перамагла каманда «Брыкет-2».
Пакуль футбалісты высвятлялі адносіны на футбольнай пляцоўцы, спецыялісты ФАЦа запрасілі ўсіх аматараў актыўнага адпачынку на масавае мерапрыемства «Лета – пара спартыўная». Дартс і стральба з пнеўматычнай зброі, чаканка футбольнага мяча і кідкі ў баскетбольнае кальцо, скачкі на скакалцы і перацягванне каната. У гэтых і іншых стартах з задавальненнем удзельнічалі як дзеці, так і дарослыя.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №68 ад 01.09.2020 г.