Праца са знакам якасці
Калі горад толькі прачынаецца
Валерый Раманавіч Чарвянкоў, муляр 4-га разраду
ДКУБП “Шумілінская ПМК-70”, за добрыя вынікі ў рабоце вылучаны на раённую Дошку гонару
Добры работнік, рупліўца, майстар сваёй справы – гэтыя словы пра Валерыя Раманавіча Чарвянкова, брыгадзіра муляраў Шумілінскай ПМК-70. А пачынаўся шлях будаўніка з камсамольскай пуцёўкі ў таёжны Цюменскі край. Адслужыў у войсках, вывучыўся на цесляра і паехаў будаваць жыллё для нафтавікоў.
“Ставілі шчытавыя домікі. Пасёлкі вырасталі, як грыбы пасля дажджу”, – успамінае Валерый Раманавіч. Але не зусім прыдатным быў Цюменскі клімат для маленькага сына, і на сямейнай нарадзе вырашылі пераехаць на радзіму жонкі.
Амаль 30 год працуе Валерый Раманавіч на Шуміліншчыне. За гэты час выраслі цэлыя вуліцы, пабудаваныя яго рукамі. І ў кожны дом укладзена майстэрства і часцінка душы. Побач з бацькам працуюць ужо і сыны. Руслан — мулярам, Уладзімір — кранаўшчыком.
Вопытны будаўнік, прафесіянал сваёй справы Валерый Раманавіч перадае веды і майстэрства моладзі, а яе сёння ў брыга-дзе багата.
Работа муляра цяжкая, яна толькі для сапраўдных мужчын. Не, яны не ідэалы, яны проста робяць сваю справу ў любое надвор’е і не скардзяцца на анамальную спякоту.
Рабочы дзень будаўніка пачынаецца з узыходам сонца. Прывычным шляхам ідзе В. Р. Чарвянкоў на працу. Яшчэ ціха. Яшчэ толькі прачынаецца пабудаваны і яго рукамі горад.
Автор Татьяна РОСТОВСКАЯ.
Опубликовано в №60 от 06.08.2010