Жнівеньскі дзень год корміць
Гаспадаркі раёна прыступілі да ўборкі зерневых і зернебабовых культур. На 3 жніўня па раёне было ўбрана 1829 га (14,4% да плана), намалочана 4747 тон зерня, сярэдняя ўраджайнасць складае 26 ц/га.
Механізатары КУСГП «Ульскі» аднымі з першых у раёне адсеялі зерневыя культуры і да ўборачнай прыступілі першымі. Падрыхтавацца да жніва вельмі дапамагла Полацкая інтэграцыйная структура, куды ўваходзіць гаспадарка. Адрамантавалі сушылку, дапамаглі давесці да ладу камбайны і трактары, якія задзейнічаны на адвозцы. Афармляюцца дакументы на новы КЗС-1218, які «Ульскі» купляе па лізінгу праз інтэграцыйную структуру. Думаюць і пра дзень заўтрашні – гаспадарцы выдзелена 15 тон калійных угнаенняў і 13 тон фосфарных пад сяўбу азімага рапсу.
Камбайнеры КУСГП «Ульскі» вядуць уборку жыта на прыдзвінскіх землях.
Але задача нумар адзін на сёння – хутка і без страт убраць азімыя і яравыя зерневыя. Кіраўніцтва гаспадаркі паклапацілася, каб для механізатараў былі створаны ўсе ўмовы для работы: купілі на ўсе камбайны, трактары і машыны новыя аптэчкі і вогнетушыцелі, на КЗСах адрамантавалі кандыцыянеры. Заключылі дагавор з РАНС пра дзяжурства пажарнай машыны на полі.
На мінулым тыдні механізатары КУСГП «Ульскі» працавалі на прыдзвінскіх палетках ля вёскі Чэрчыцы. «Дагэтуль убіралі азімую пшаніцу, якая дала на круг 32 цэнтнеры з гектара, – расказалі механізатары. – Жыта «афелія», якое ўбіраем зараз, таксама вырасла нядрэннае – насенне ж закупалі элітнае. За ўчарашні дзень убралі 82 га палеткаў».
У гаспадарцы на час уборачнай створаны пяць экіпажаў камбайнаў – ім пад сілу убраць 650 га азімых, 602 га яравых, 200 га яравога рапсу і 100 га канюшыны на насенне. «Нашых механізатараў не трэба ні прымушаць, ні угаворваць, – кажа дырэктар гаспадаркі Валянціна Лабейка. – Яны самі ірвуцца ў бой, працуюць да цёмнага. Жніво – той час, калі можна зарабіць нядрэнныя грошы. Думаецца, ніхто на заробкі не скардзіцца».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №60 ад 04.08.2020 г.