Высокі і неацэнны статус жанчыны
«Шаноўныя сяброўкі» – такі зварот не раз гучаў падчас сустрэчы старшынь пярвічных арганізацый і актывістаў раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын», на якую на мінулым тыдні запрасіла старшыня раённай арганізацыі Святлана Цімашэнка, намеснік старшыні райвыканкама. Завіталі на сустрэчу Ірына Палякова, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава.
24 пярвічныя арганізацыі, якія аб’ядноўваюць 240 прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва, – так сёння прадстаўлена ў раёне грамадская арганізацыя Беларускага саюза жанчын, якая ставіць на мэце павышаць статус жанчыны ў грамадстве, актыўна ўцягваць іх у кіраванне справамі грамадства і дзяржавы, садзейнічаць павышэнню іх якасці жыцця, прапагандаваць здаровы лад і сямейныя каштоўнасці.
На сустрэчы выступілі Ірына Палякова, Ірына Новікава, Святлана Цімашэнка, кожная з якіх расказала пра сваю дзейнасць, акрэсліла свае погляды на ролю жанчын у грамадстве, выказала надзею на далейшы актыўны ўдзел жанчын Шуміліншчыны ў жыцці раёна. Усе разам паспрабавалі прааналізаваць, што хвалюе жанчын рэгіёна, якія праблемы ім па сілах рашыць, з якімі ініцыятывамі выступіць і рэалізаваць.
У прыватнасці, падтрымалі ўдзельнікі сустрэчы прапанову намесніка старшыні райвыканкама Ірыны Шалахавай аказаць пасільную дапамогу ў рамонце дзіцячага пакоя адпачынку ў дзіцячым аддзяленні ЦРБ.
З прывабнай прапановай ад Беларусбанка стаць удзельнікам клуба паспяховых лэдзі выступіла Вольга Масько, дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг, старшыня пярвічкі.
Вынік сустрэчы быў такі – прадстаўніцы раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання гатовы праяўляць ініцыятыву, рэалізоўваць сацыяльна значныя праекты і ідэі, паляпшаць якасць свайго жыцця, сваёй сям’і і жыцця землякоў. Усё ў нашых руках і ў нашых галовах.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №60 ад 04.08.2020 г.