Яркія фарбы лета
У летніку «Пунсовы ветразь», што ў Лескавічах, паспяхова прайшла першая і ўжо пачалася другая змена. Яна будзе доўжыцца да 9 жніўня. Амаль 60 хлопчыкаў і дзяўчынак прыехалі ў «Пунсовы ветразь» за прывычнымі летнімі ўражаннямі і не абмануліся ў сваіх спадзяваннях.
Калектыўная творчасць, спаборніцтвы, мерапрыемствы, дзе кожны можа праявіць сябе, – усё як звычайна. Вось толькі санітарныя патрабаванні больш строгія. Нічога не папішаш – эпідсітуацыя ўсё яшчэ не дазваляе нам расслабіцца. Да прыкладу, кожны дзень пачынаецца з замераў тэмпературы ў дарослых і дзяцей. Атрады – а іх у летніку тры – не перасякаюцца. Нават бібліятэку, каб па-глядзець мультфільмы ці кіно, наведваюць па графіку. І сталоўку. І ўваход у кожнага свой. Зроблена ўсё магчымае, каб, як прынята казаць, мінімізаваць рызыкі. Пад строгай забаронай у тым ліку і любыя наведванні. Так што, будзем спадзявацца, ні самы папулярны сёння, ні які іншы вірус на тэрыторыю летніка не пранікне.
– Выхавальнікі працуюць вахтавым метадам – спецыялісты не пакінуць тэрыторыі на працягу ўсёй змены, – расказала начальнік летніка Вера Якубёнак. – А перад тым, як пры-ступіць да работы, пяць дзён знаходзіліся на самаізаляцыі.
Пра здароўе падумалі – можна і павесяліцца. Інтрыгуе і тэматыка змены – «Без гальштука». Кожны дзень праходзіць пад сцягам якога-небудзь супергероя.
– Напрыклад, квэст «120х80» мы правялі разам з доктарам Стрэнджам, спартыўныя рэкорды бу-дзем ставіць, арыентуючыся на сілу Халка, – расказала педагог-арганізатар Вікторыя Вінаградава.
Будуць яшчэ і Жалезны чалавек, і Бэтман і іншыя персанажы коміксаў, пра якіх дзеці ведаюць куды больш за дарослых. Ім цікава, іх натхняюць здольнасці супергерояў, а значыць, яны гатовы тварыць, нечакана праяўляць сябе.
Успомніць змена і пра сваіх герояў – паклоніцца памяці тых, хто вызваляў краіну ад фашыстаў, у праекце «Героі міру». Сілу любові да малой радзімы прадэманструе Капітан Беларусь.
Карацей, планаў на змену багата. Зладжаная работа калектыву (а многія тут, так мовіць, не першы год разам) гарантуе і эпідэміялагічную бяспеку (гэта, як ні круці, галоўнае), і яркія ўражанні для дзяцей.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў № 58 ад 28.07.2020 г.