У полцеўскай крынічцы вада заўсёды смачная
Крыніцы, як ніякі іншы водны аб’ект, маюць патрэбу ў нашым клопаце і беражлівай ахове. І дапамагчы крыніцы – значыць, дапамагчы роднай зямлі захаваць свае прыродныя багацці, а ў дадатак – дапамагчы свайму здароўю. Гэтым летам крынічка ў Полцеве адчула клапатлівыя рукі гаспадароў.
Добраўпарадкаваннем заняліся работнікі Шумілінскага лясгаса. За касу, рыдлёўку і фарбы ўзяўся майстар полцеўскага гадавальніка Сяргей Басаў разам з рабочымі. Абкасілі падход да крынічкі, пафарбавалі кольца, устаноўленае калісьці над ёй, абклалі каменнем сцёк вады. «У бліжэйшы час зробім і ўстановім накрыўку на кольца і дзве лавачкі», – падзяліўся планамі Сяргей Пятровіч.
Крынічка мае даўнюю гісторыю, паведала старэйшына вёсак Полцева і Дубраўскае Раіса Кірылаўна Крэсцініна, якая таксама прымала ўдзел у добраўпарадкаванні. Як расказвалі старажылы мясцін, крынічка існавала з даваеннай пары, у свой час была асвечана царквой і карысталася попытам у вяскоўцаў. Вада ў ёй заўсёды чыстая і смачная. І нават тады, калі ў мясцовых калодзежах падае ўзровень вады, у крынічцы струменіць як ні ў чым не бывала.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў № 58 ад 28.07.2020 г.