Красный Крест собирает подарки

Актуалии Общество

З добрым сэрцам у Новы год!
Падрыхтоўка да навагодніх святаў захапіла ўсіх. На рабоце і дома мы абмяркоўваем, як, што, пачым, дзе…. Гэта добра, што мы чакаем свята, што хочам стварыць атмасферу радасці для сваёй сям’і. Але…
Давайце на хвілінку спынімся і падумаем пра тых, хто жыве побач з намі ў нашым райцэнтры, у нашым раёне, пра тых каму патрэбна наша міласэрнасць і клопат.
Зайдзіце ў цэнтральны ўніверсам да стэнда з дабрачыннай ёлкай. На ёй змешчаны фотаздымкі дзетак, якія сёння па волі лёсу жывуць у Обальскім прытулку. Пачытайце на адваротным баку здымка, што чакаюць гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі ад Дзеда Мароза. Знайдзіце магчымасць, дапамажыце ім адчуць сябе шчаслівымі.
Змешчаны на ёлцы і прозвішчы пажылых людзей, якія знаходзяцца на сацыяльных ложках і ім некаму паслаць нават віншавальную паштоўку.
Вы можаце выканаць навагодняе пажаданне кагосьці з дзетак, павіншаваць пажылых, перадаўшы свой падарунак непасрэдна валанцёрам Чырвонага Крыжа, якія працуюць каля стэнда, ці  звязацца непасрэдна са старшынёй раённай арганізацыі Валянцінай Мікалаеўнай Чыжыкавай (тэл.: 8(029)895-04-96; 8(029)511-42-90). Можаце проста пакласці грошы ва ўсталяваную побач скарбонку.
Міласэрнасць заўжды была галоўным, што рабілі хрысціяне напярэдадні Новага года і Ражаства.
У нас у кожнага ёсць магчымасць зрабіць дабро. Няхай жа Новы год стане самым добрым для ўсіх, хто сустрэне яго з добрым сэрцам!
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Што чакаюць ад Дзеда Мароза дзеці з Обальскага сацыяльнага прытулку?
Анастасія (15 год) — касметычны набор у касметычцы,
Валерый (13 год) — шасціструнная гітара,
Алег(11 год) — машына (мяркуючы па ўзросце, на радыёкіраванні),
Вікторыя (10 год) — дзіцячая дамская сумачка,
Радзівон (9 год) — машынка з пультам,
Даша (8 год) — маленькая лялька з замкам,
Ілона (8 год) — дзіцячая дамская сумачка,
Мікіта (5 год) — трактар,
Ульяна (4 гады) — лялька з наборам адзення,
Ульяна (4 гады) — лялька,
Уладзік (4 гады) — цацка,
Аліна (3 гады) — лялька з наборам мэблі.
Надрукавана ў №100 ад 27.12.2011



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *