За непрыстойныя паводзіны – штраф
Сучасны Новы год не абыходзіцца без петардаў, бенгальскіх агнёў і хлапушак. Бывае і такое, што парушаюцца правілы гандлю, што піратэхнічныя вырабы прадаюцца не толькі ў спецыялізаваных магазінах. За падобнае парушэнне індывідуальнаму прадпрымальніку або юрыдычнай асобе пагражае штраф у памеры ад 30-ці да 50-ці базавых велічынь. За парушэнне правілаў уліку, захоўвання, перасылкі, перавозкі піратэхнічных вырабаў – штраф да дзесяці базавых велічынь. За такое ж правапарушэнне, здзейсненае паўторна на працягу аднаго года, – штраф ад 10-ці да 20-ці базавых велічынь.
Парушэнне заканадаўства па пажарнай бяспецы (гэта датычыцца і выкарыстання піратэхнічных вырабаў) вядзе да папярэджання або накладання штрафу ў памеры да 30-ці базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – да двухсот базавых велічынь. А калі была парушана пажарная бяспека і пры гэтым узнік пажар, то пагражае штраф у памеры ад 30-ці да 50-ці базавых велічынь (штраф афармляюць работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях).
Напярэдадні Новага года хочацца нагадаць аб прыстойных паводзінах у грамадскіх месцах. Практычна ніводнае свята не абыходзіцца без п’яных дэбошаў. За нецэнзурныя словы і парушэнне грамадскага парадку пагражае штраф у памеры ад двух да трыццаці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.
Выкарыстанне піратэхнічных вырабаў у грамадскіх месцах можа таксама расцэньвацца як дробнае хуліганства. Калі выкарыстанне піратэхнічных вырабаў прывяло да цяжкага або менш цяжкага цялеснага пашкоджання або ўрону ў буйным памеры, вінаваты атрымае выпраўленчыя работы на тэрмін да двух гадоў, арышт на тэрмін да трох месяцаў, або абмежаванне волі да двух гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін. За тыя ж дзеянні, якія па неасцярожнасці прывялі да смерці або да прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў дзвюм або больш асобам, прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў.
А. КАЗЛОЎ, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.
Надрукавана ў №100 ад 27.12.2011