Здарэнні. Крымінал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

Забойства
У альтанцы ля дачнага дома ў вёсцы Данілава знойдзены труп мужчыны-пенсіянера са шматлікімі нажавымі раненнямі. Супрацоўнікі РАУС устанавілі, што загінуўшы – жыхар Віцебска, які прыязджаў у Данілава на дачу. У гэты ж дзень у бальніцу з нажавым раненнем жывата быў дастаўлены і гаспадар дачы, якога супрацоўнікі міліцыі падазраюць у забойстве. Пад падазрэннем сусед-дачнік (абодва з Віцебска, пенсіянеры). Вядзецца расследаванне. Падрабязнасці забойства высвятляюцца. Узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса рэспублікі Беларусь (пагражае пазбаўленне волі ад 8 да 25 гадоў або пажыццёвае заключэнне, або смяротнае пакаранне).
Веласіпеды
Жыхарка Обалі звярнулася ў міліцыю з той нагоды, што з яе гаспадарчай пабудовы невядомыя злодзеі вырвалі прабой. З памяшкання прапалі два веласіпеды і тры паяльныя лямпы. Узбуджана крымінальная справа. Злодзеі вышукваюцца.
Саломарэзка
Са двара дачнага дома ў Крывым Сяле ўкралі саломарэзку. Пра гэта паведаміла пацярпелая, жыхарка Віцебскага раёна. Па гарачых слядах міліцыянеры знайшлі прапажу. Аказалася, што саломарэзку прыбралі да рук двое мясцовых жыхароў. Супраць іх узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Максімальнае пакаранне, што пагражае ліхадзеям, – пазбаўленне волі да 4-х гадоў.
Са зводак ДАІ
Заснуў за рулём
На аўтадарозе Р-20 адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Жыхар Полацка, які ехаў на аўтамабілі «Джылі», заснуў за рулём і з’ехаў у кювет. Аўтамабіль па-шкоджаны і патрабуе рамонту. Супрацоўнікі ДАІ высветлілі, што аўтамабіль «Джылі» быў узяты напракат знаёмым таго мужчыны, які знаходзіўся за рулём. Да таго ж, кіроўца не меў вадзіцельскага пасведчання. На парушальніка складзены адміністрацыйны пратакол, які накіраваны па месцы жыхарства для далейшага разгляду.
На «зебры»
Жыхарка Віцебскага раёна, якая на асабістым аўтамабілі «КІА-Рыа» ехала па вуліцы Юбілейнай у Шуміліне, не ўступіла дарогу пешаходу на нерэгулюемым пешаходным пераходзе. Пагражае штраф памерам у 1 БВ.
На мотаблоку
Падчас чарговай адпрацоўкі супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі аўтадарог у Обалі быў спынены мясцовы жыхар, які ў стане алкагольнага ап’янення кіраваў мотаблокам. Яму пагражае штраф ад 50 да 100 БВ і забарона на тры гады займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартных сродкаў.
Людміла ЗУЙКОВА.
Апублікавана ў №54 ад 14.07.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *