Разам з лебядой вырывайце і мак
З пачатку чэрвеня да сярэдзіны верасня супрацоўнікі РАУС праводзяць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Мак».
Вырошчванне маку на агародах па-ранейшаму застаецца сур’ёзнай праблемай як для нашага раёна, так і для краіны ў цэлым, адзначае оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку РАУС Арцём Сяргееў. Напрыклад, у 2018 годзе па маку было складзена 26 адміністрацыйных пратаколаў, летась – 11.
Сёння работа ўчастковых інспектараў РАУС, работнікаў крымінальнага вышуку накіраваная на выяўленне ўчасткаў, дзе пасеяны мак і растуць каноплі. Калі апошнія з’яўляюцца рэдкасцю для нашага раёна, то мак сустракаецца даволі часта.
«Гэты мак сам насеяўся на маім участку», – часта такое апраўданне чуем ад жыхароў раёна, – кажа Арцём Аляксандравіч. – Мы тлумачым людзям, што яны гаспадары свайго падворка ці агарода. Насеяўся мак – вырвіце яго разам з лебядой і іншым пустазеллем. Супрацоўнікі міліцыі пры сустрэчах з насельніцтвам тлумачаць, якая адказнасць пагражае тым, хто вырошчвае мак: папярэджанне або штраф да 20 БВ. У выпадку, калі мак вырошчваецца з мэтай збыту або вырабу наркатычных рэчываў, узбуджаецца крымінальная справа. Максімальнае пакаранне, што пагражае ў такім разе – пазбаўленне волі да трох гадоў.
Разам з тым у Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсць дадатак: асоба, якая добраахвотна здала наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы або дапамагла выявіць злачынства, звязанае з незаконным абаротам гэтых сродкаў, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці».
Ларыса ЗАЙЦАВА.