Каханне, падмацаванае футболам
2007 год. Мікалай Рахцееў вяртаецца на аўтамабілі дадому. У Амбросавічах падбірае спадарожніцу – настаўніцу нямецкай мовы. Абодва адчувалі сябе няёмка… Гэта было каханне з першага погляду. Праз тры месяцы Мікалай і Таццяна сыгралі вяселле.
Рахцеевы разам ужо 13 год, выхоўваюць дачок Вольгу і Юлію, сына Дзяніса. «Першыя гады нашага сумеснага жыцця – абсалютна тыповыя для маладой сям’і, – разважае Мікалай. – Будавалі жыллё, расцілі дачушку. Усё, як ва ўсіх. Было ўзаемаразуменне, узаемапавага. А вось агульнага хобі не было».
– Добра памятаю, як 4 ліпеня прагульваліся сям’ёй па Шуміліне, – успамінае Таццяна. – І раптам Мікалай прапанаваў пайсці на стадыён, дзе ФК «Шуміліна» прымаў дубровенскі «Днепр». Вольга адразу згадзілася. Ну, а я за кампанію пайшла.
Як гаворыцца, у той дзень усе зоркі сышліся. Захапляльны матч, у якім з лікам 4:2 нашы футбалісты перамаглі чэмпіёна вобласці, моцная фанацкая падтрымка на трыбуне. «Па дарозе дадому Таццяну і Вольгу было не стрымаць, – усміхаецца Мікалай. – Яны з жаноцкага погляду на футбол расказвалі, як забіваліся галы. І цвёрда заявілі, што наступнымі выхаднымі будуць падтрымліваць ФК «Шуміліна».
Менавіта з гэтага матча ў сям’і Рахцеевых з’явілася агульнае хобі – футбол. Два гады яны былі аднымі з самых адданых футбольных заўзятараў. Падтрымлівалі шумілінскую каманду у дамашніх і гасцявых матчах. Міёры, Сянно, Гарадок, Дуброўна, Глыбокае… Рахцеевы ўслед за футбалістамі аб’ездзілі літаральна ўсю вобласць.
Пасля Рахцеевы зацікавіліся нацыянальным першынством і пачалі падтрымліваць ФК «Віцебск». «Быць на трыбунах сваёй сям’ёй, перажываць за любімы клуб – гэта такі адрэналін, – усхвалявана расказвае Таццяна. – Не ведаю, як каго, а нашу сям’ю футбол аб’яднаў».
Не змагла застацца ў баку ад футбольных жарсцяў старэйшая дачка. Нягледзячы на тое, што Вольга з другога класа займалася валейболам, яна жыла футболам. А ў 2018 годзе дэбютавала ў турніры «Бой двароў». На ім забіла свой першы гол. Затым Вольга апынулася ў камандзе дзяўчынак «Шуміліна STARS», з якой стала другой на рэспубліканскім першынстве. На кожным матчы (а іх было больш за 10) Таццяна і Мікалай Рахцеевы падтрымлівалі дачку і шумілінскіх футбалістак.
Таццяна выйшла на дзіцячага трэнера віцебскай спартыўнай школы «Камсамолец».
– Калі ехалі на кастынг у футбольную школу, забылі ўсё – і мячы, і форму, – расказвае Мікалай. – Добра, што Вольга была ў спартыўным касцюме, у ім і паказвала свае навыкі трэнеру». Больш за год Вольга Рахцеева займаецца футболам у Віцебскай СДЮШАР «Камсамолец» (бацькі возяць яе туды двойчы на тыдзень). На рахунку 12-гадовай Вольгі 53 галы. Статыстыку футбалісткі Рахцеевай вядзе бацька: тут і час знаходжання на полі, і атрыманыя карткі…
А вось 7-гадовая Юля – натура творчая. «Юля пакуль што не гуляе ў футбол, – расказвае Таццяна. – Для яе больш важны песні і танцы. Але ж яна з радасцю адпраўляецца з намі на футбольныя матчы. Пакрычаць, падтрымаць – вось гэта ёй даспадобы».
Самаму меншаму з сям’і Рахцеевых – Дзяніску – год і дзевяць месяцаў. Бацькі смяюцца, што ён ганяць мяч пачаў раней, чым хадзіць. Мікалай шчыра верыць у тое, што Дзяніс стане футбалістам – ён выхоўваецца ў сям’і, дзе балем кіруюць каханне і футбол.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.