Інвестыцыі — на бягучы рамонт
Будаўнічая брыгада райспажыўтаварыства нешматлікая, 14 чалавек, тым не менш з пачатку года асвоена на бягучых рамонтах 94 мільёны рублёў інвестыцый.
— А мы “бягучкай” адно і займаемся, — расказвае намеснік старшыні райспажыўтаварыства па будаўніцтву У. А. Усоўскі. — З нядаўняга часу нашу брыгаду пачалі занараджваць для работ і на прамысловым камбінаце, і на аўтабазе. Так што клопатаў хапае…
На сённяшні час працуе брыгада ў аграгарадку Крывое Сяло. На рамонце магазінаў прамысловых і харчовых тавараў асвоена 25,5 мільёна рублёў з 50,5 мільёна, выдзеленых з дзяржаўнай казны. Да канца года будаўнікі райспажыўтаварыства павінны здаць два гандлёвыя павільёны ў Шуміліне. За апошнія гады “вырасла” ў райцэнтры 5 такіх кропак і адна атрымала прапіску ў Обалі. Пашырэнне сеткі гандлёвых аб’ектаў дазваляе наблізіць да спажыўца надзённыя паслугі.
Цёплае слова адрасуюць у райспажыўтаварыстве аддзелачнікам Аляксандру Іванавічу і Сяргею Віктаравічу Аўсяннікавым, муляру Анатолю Міхайлавічу Ільінцу, цесляру Пятру Генадзевічу Крутарожкіну і сантэхніку Віктару Уладзіміравічу Шэдзько, віншуюць брыгаду з надыходзячым Днём будаўніка, жадаюць усім здароўя, дабрабыту і поспехаў у працы.
Автор Николай МОРОЗ.
Опубликовано в №60 от 06.08.2010