Врач-реаниматолог: работа непредсказуемая, напряжённая и даже экстремальная

Здоровье Общество

Работа  непрадказальная,  напружаная і  нават  экстрэмальная

Стаўшы ўрачом, Алена Трубачова ўвасобіла сваю дзіцячую мару. Яна скончыла Віцебскі дзяржаўны медунівесітэт, прайшла інтэрнатуру ў Магілёве, пасля працавала па размеркаванні ў Чэрыкаве. Затым малады ўрач вярнулася на радзіму, у Брэсцкую вобласць, і некаторы час працавала кардыёлагам у паліклініцы горада Бяроза.

– Аднойчы зразумела, што спакойная размераная работа ў паліклініцы – не маё. Памятаю, як у адзін момант нешта ўнутры перавярнулася, і я выразна ўсвядоміла, што хачу ў рэанімацыю, – успамінае Алена. – Так разам з мужам, таксама медыкам, мы трапілі ў Шуміліна. Некаторы час працавалі разам, але ён вырашыў развівацца далей па сваёй спецыяльнасці і зараз рупіцца ў абласным цэнтры. А я засталася, і мне вельмі падабаецца працаваць менавіта тут, хоць жыву ў Віцебску.

Работа ў рэанімацыі непрадказальная, напружаная і нават экстрэмальная. Ты ніколі не ведаеш, што чакае цябе на змене, якія рашэнні прыйдзецца прымаць. Але менавіта гэта і падабаецца нашай гераіне. Пацыенты, якіх вяртае да жыцця ўрач, могуць і не ўспомніць свайго анёла-абаронцу. Але для яе галоўнае адно – каб працягвалі біцца іх сэрцы.

– Кожнаму пацыенту патрэбны індывідуальны падыход, па кожным штодзень даводзіцца прымаць рашэнні: магчыма, трэба памяняць схему лячэння, зрабіць дадатковыя аналізы ці падключыць да спецыяльных апаратаў, – расказвае доктар. – Усе гэтыя рашэнні не проста важныя, ад іх залежыць здароўе, а часам і жыццё чалавека.

Змена рэаніматолага-анестэзіёлага доўжыцца суткі. Графік напружаны. Асабліва зараз, калі свет жыве ва ўмовах пандэміі каронавірусу. Дарэчы, не ўдалося пазбегнуць новага вірусу і Алене з мужам. Прынамсі, яна тры тыдні лячылася ў стацыянары ў Шуміліне. Зараз адчувае сябе добра.

А ў водпуск Алена разам са сваёй вялікай сям’ёй заўжды едзе на радзіму да бацькоў. Туды ж на ўсё лета адпраўляе траіх сваіх дзетак, старэйшай дачцэ ўжо 14 – яна добрая памочніца маме, калі трэба прыгледзець за малодшымі двайнятамі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *