Асфальтуюць тратуары і двары
Парадак у горадзе пачынаецца з дарог і тратуараў, упэўнены работнікі ДРБУ-204, якія з красавіка актыўна прыступілі да рамонту.
Акрамя ямкавага, які ніхто не скідваў з рахункаў, дарожнікі вядуць рамонт тратуараў і двароў. У прыватнасці, паклалі асфальт у дварах шматпавярховых дамоў па вуліцах Кароткіна, Сіпко і Ленінскай, расказаў галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Фурсін. Гэта своеасаблівы старт да падрыхтоўкі вуліц да будучых «Дажынак», якія мяркуюць ладзіцца ў Шуміліне ў наступным годзе.
На мінулым тыдні брыгада асфальтаўкладчыкаў працавала на вуліцы Сіпко. З асфальтавага завода ў Любічах адзін за адным пад’язджалі МАЗы. Матэрыял засыпалі ў асфальтаўкладчык – і за работу. «Ад перакрыжавання вуліц Юбілейная-Сіпко да Шумілінскага возера мы кладзём новы тратуар, – расказаў майстар ДРБУ-204 Сяргей Ляўша. – Да гэтага правялі папярэднюю падрыхтоўчую работу: убралі старое асфальтавае пакрыццё, зрабілі разметку, засыпалі месца для тратуара шчэбенем, разраўнялі і ўшчыльнілі. Брыгада асфальтаўкладчыкаў невялікая – усяго шэсць чалавек. Усе работнікі надзейныя. На днях мяркуем пераехаць працаваць у Обаль, дзе будзем таксама асфальтаваць – вуліцы Зяньковай і Давыдавай. Калі няма збояў у рабоце, за дзень рэальна пакласці да 250 тон асфальту».
Людміла Зуйкова.
Надрукавана ў №44 ад 09.06.2020 г.