Грошы ў доўг. Адказны падыход
Бываюць моманты, калі тэрмінова патрэбны грошы. Што мы робім?
Думаем, да каго звярнуцца, дзе іх узяць. Калі грашавітых і шчодрых родных блізкіх не заходзіцца, звычайна адпраўляемся ў банк за крэдытам. Аднак у апошні час усё больш стала з’яўляцца ў нас арганізацый, якія абяцаюць дапамагчы, даць грошы ў доўг, прадаставіць пазыку “да зарплаты”. Пры гэтым прапануюць грошы без даведак пра даходы, без залогу і паручыцеляў, беспрацоўным, з дрэннай крэдытнай гісторыяй.
Права прадастаўлення фізічным асобам мікрапазык, акрамя банкаў, ёсць у мікрафінансавых арганізацый (ламбардаў), якія павінны быць уключаны Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь у рэестр мікрафінансавых арганізацый.
З пералікам такіх арганізацый можна азнаёміцца на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка http://www.nbrb.by/finsector/microfinance/register.
Акрамя таго, дзейнасць такіх мікрафінансавых арганізацый кантралюецца Нацыянальным банкам і яго структурнымі падраздзяленнямі. Ажыццяўляецца кантроль за выкананнем патрабаванняў заканадаўства, якое рэгулюе парадак раскрыцця інфармацыі пра ўмовы мікракрэдытавання, прадастаўлення мікрапазык, устанаўлення гранічных памераў працэнтных ставак па дагаворах.
!Неабходна вельмі адказна адносіцца да выбару арганізацыі для атрымання крэдыту (пазыкі) альбо правядзення любых іншых фінансавых аперацый. Убачыўшы рэкламу з абяцаннямі, што вам прадаставяць крэдыт у дзень звароту на любую суму, звярніце ўвагу на прадмет дагавора, памер працэнтаў (узнагароджання), памер штрафных санкцый за парушэнне ўмоў дагавора, а таксама ўмовы датэрміновага пагашэння. Прааналізуйце розныя ўмовы прадстаўлення пазык мікрафінансавымі арганізацыямі і крэдытаў банкамі і выберыце найбольш прымальныя.
Банкі на сённяшні дзень прапануюць вялікі выбар крэдытных прадуктаў, якія адказваюць самым розным запытам насельніцтва. Напрыклад, можна аформіць авердрафтны крэдыт, па якім устанаў-ліваецца тэрмін, звычайна 20-25 дзён, на працягу якога працэнтная стаўка за карыстанне крэдытам мінімальная (блізкая да нуля), карту пакупак, якая прадугледжвае растэрміноўку плацяжу на пэўны тэрмін без выплаты працэнтаў альбо іншыя крэдыты з працяглымі тэрмінамі крэдытавання і, адпаведна, меншым памерам штомесячнага плацяжу. Інфармацыю пра крэдыты можна знайсці ў інтэрнэце на афіцыйных сайтах банкаў, ці звярнуўшыся непасрэдна ва ўстановы банка.
Кожны павінен быць пільным і абачлівым пры атрыманні грошай у доўг, падпісваць дагаворы з дакладным разуменнем сутнасці і зместу заключаемых здзелак, наступстваў і рызык невыканання прынятых абавязацельстваў, што ў канчатковым выніку дазволіць пазбегнуць магчымых непрыемнасцей і праблем у будучым.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў№42 ад 02.06.2020 г.