У сямейнай скарбонцы Ходзюшаў больш за 50 медалёў
Аляксандр і Алена Ходзюшы разам ужо васямнаццаць год, выхоўваюць дзвюх дачок – Валянціну і Лізавету. Сям’ю Ходзюшаў часта можна бачыць на гарадскім стадыёне ці на спартыўных пляцоўках, дзе яны разам гуляюць у футбол ці валейбол. «У нас звычайная сям’я, – падкрэсліваюць Алена і Аляксандр. – Прос-та мы любім актыўны адпачынак і нам падабаецца адпачываць разам».
Ад лёсу не збяжыш
Аляксандр і Алена пазнаёміліся ўлетку 2002 года ў Лосвідзе, дзе праходзіла водна-спартыўнае свята. Яна гуляла ў валейбол, ён – у футбол. Яны змаглі ўбачыць адзін аднаго ў першы дзень свята. За тры дні ў Лосвідзе зразумелі, што гэта каханне.
Хаця пазнаёміцца Аляксандр і Алена маглі значна раней. Справа ў тым, што ў 1993 годзе Лена паступала на факультэт фізічнай культуры педінстытута. Не паступіла – не выканала нарматывы па плаванні. На той час Аляксандр быў другакурснікам гэтага факультэта.
Сёння Аляксандр з упэўненасцю кажа, што яго малая радзіма – Шуміліншчына, хаця ведаюць, што ён родам з Браслаўшчыны. А вось Шумілінскі раён у жыцці хлопца быў заўсёды, як сам прызнаецца, «нібы праследваў мяне». Так, у 1999 го-дзе Аляксандр гуляў за шумілінскі ФК «Камунальнік» на першынстве вобласці. Ды і на тым водна-спартыўным свяце ў Лосвідзе, дзе знайшоў сваю другую палову, выступаў за каманду Шумілінскага раёна.
– Калі кахаеш, ты гэта разумееш, – расказваюць Алена і Аляксандр, кідаючы пяшчотныя позіркі адзін на аднаго. – Мы хутка зразумелі, што не можам адзін без аднаго. Ды і пастаянна не наездзішся ў Віцебск, дзе жыў Саша, ці ў Шуміліна, дзе жыла Лена. Сыгралі вяселле. У нас не было пытанняў, дзе жыць. Толькі Шуміліна і ніякіх іншых варыянтаў! Хутка пасля вяселля Аляксандр уладкаваўся настаўнікам фізкультуры ў Сіроцінскую школу.
Тое, што яднае сям’ю
Два гады ў маладой сям’і праляцелі як адно імгненне. Неўзабаве на свет з’явілася дачушка Валя. «Пасля нараджэння дачкі па-іншаму пачалі глядзець на многія рэчы, – дзеліцца Аляксандр. – Сапраўды моцнае каханне будзе толькі пры ўзаемападтрымцы, узаемадапамозе і ўзаемаразуменні».
Валя расла вельмі рухавай дзяўчынкай. Асабліва даспадобы было ёй пагуляць з мячом з бацькам, ну а найвышэйшая радасць – схадзіць з маці на трыбуны стадыёна, каб паназіраць за бацькам, які гуляў за ФК «Шуміліна». Футбол стана-віўся любімай гульнёй дзяўчынкі. У старэйшай групе дзіцячага садка яна нараўне з хлопцамі гуляла ў футбол.
Ну і што заставалася бацьку? Узяць да сябе ў футбольную секцыю, якая працавала пры ДЮСШ. І няважна, што Валя была адзіная дзяўчынка ў групе.
Самае незвычайнае было па вечарах у доме Ходзюшаў. Аляксандр часцяком глядзеў футбольныя матчы па тэлевізары. І абавязкова ў кампаніі з дачкой. «Муж і дачка ля тэлевізара перажываюць за каманды, – усміхаецца Алена. – Ну а ў мяне часу хапае хатнімі справамі заняцца. Уявіце сабе, абмеркаванне, воклічы. Як я магла застацца ў баку? Дзесьці ў другім тайме і я ў іх кампаніі аказвалася. Так паціху і пачала разбірацца ў футболе».
Праўда, захапленне Валі футболам з узростам пачало праходзіць. Тым больш, што стала займацца ў валейбольнай секцыі ДЮСШ. І ў гэты момант лепшым сябрам дзяўчынкі стала маці, якая сама доўгі час займалася валейболам. На сённяшні дзень Валянціна Ходзюш – капітан валейбольнай каманды СДЮШАР.
Па словах бацькоў, дзесяцігадовая Ліза поўнасцю паўтарае шлях старэйшай сястры. Зараз яна захоплена футболам…
Адметным для сям’і Хо-дзюшаў стаў 2017 год: перамаглі на абласным і ўдзельнічалі ў рэспубліканскім этапах спартыўнага свята «Маці, тата, я – футбольная сям’я», якое праводзіцца пад эгідай Беларускай федэрацыі футбола і УЕФА. «Пра ўдзел у свяце пачаў задумвацца ў 2016 годзе, – дзеліцца Аляксандр. – Галоўнае было ўгаварыць жонку. Алена лёгкая на пад’ём, ды і мне з дачкамі не магла адмовіць. Вось так мы ўчатырох апынуліся на футбольным полі». Тры гады Ходзюшы ўдзельнічалі ў гэтым свяце і два разы выходзілі сваёй сям’ёй ў фінальную частку.
Хто ў сям’і галоўны?
Гэтага пытання ў сям’’і Ходзюшаў няма. Алена і Аляксандр – спакойныя і разважлівыя, яны быццам дапаўняюць адзін аднаго. Як жартуе гаспадар, пражыўшы столькі, разумееш сваю другую палову з паўпозірку. Дочкі, бачачы ўзаемаадносіны бацькоў, растуць шчаслівыя і гатовыя дапамагчы ў любы момант.
На футбольным полі самае важкае слова ў Аляксандра (не дарэмна ж больш за 10 год аддаў шумілінскаму футболу). Да нядаўняга часу на валейбольных трэніроўках кіравала Алена, якая са школы займаецца валейболам у трэнера Любові Бабовай, але ў апошні час усё гучней і гучней чуецца голас Валянціны (не дарэмна ж бронзавая прызёрка першынства Беларусі). На першынстве раёна па паркавым валейболе, якое праходзіла летась, на адной з гульняў за каманду аддзела па адукацыі гулялі Аляксандр, Алена і Валянціна.
«Спорт для нас гэта тое, дзе можна выпляснуць свае эмоцыі, – упэўнена сцвяр-джаюць Аляксандр і Алена. – Сёння мы не можам уявіць сваю сям’ю без футболу і валейболу».
І яшчэ. Ёсць адна традыцыя ў сям’і Ходзюшаў. Кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада №1 Аляксандр Ходзюш і інжынер-тэхнолаг Цэнтра па абслугоўванні бюджэтных арганізацый Алена Ходзюш абавязкова ўвечары збіраюцца разам з дзецьмі за сямейным сталом, каб расказаць, як у іх прайшоў дзень…
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Опубликовано в №40 от 26.05.2020 г.