Медицинские сёстры Шумилинской ЦРБ – на передовой борьбы с коронавирусом

Главное Здоровье

Вольга Крычэўская, Святлана Купчанка і Вольга Тарасава – вопытныя медыцынскія сёстры, якія шмат год працуюць у дзіцячым аддзяленні бальніцы. Прызналіся, што да апошняга спадзяваліся, што вірус не дойдзе да нашай краіны. Але калі прыйшлося змяніць звычайны белы халат на супрацьчумны камбінезон, ні секунды не вагаліся.

Медсёстры –  на  перадавой

У хуткім часе пасля таго, як у краіне з’явілся выпадкі заражэння каронавірусам, Шумілінская раённая бальніца была перапрафілявана пад прыём пацыентаў з новай хваробай. Для больш аператыўнай і бяспечнай работы кіраўніцтвам установы было прынята рашэнне выдзеліць для лячэння хворых дзіцячае аддзяленне, якое знаходзіцца ў бакавым крыле першага паверха. І ўсе работнікі аддзялення аўтаматычна трапілі на перадавую барацьбы з невядомай хваробай. Сёння, калі крывая захворвання пайшла на спад, медыкі могуць перавесці дыханне і расказаць пра асаблівасці работы ў новых умовах.

Вольга Крычэўская, Святлана Купчанка і Вольга Тарасава – вопытныя медыцынскія сёстры, якія шмат год працуюць у дзіцячым аддзяленні бальніцы. Прызналіся, што да апошняга спадзяваліся, што вірус не дойдзе да нашай краіны. Але калі прыйшлося змяніць звычайны белы халат на супрацьчумны камбінезон, ні секунды не вагаліся.

– Мы не для таго прыйшлі ў гэтую прафесію, каб бегаць, – у адзін голас заявілі медыкі.

Аднойчы вечарам з аддзялення былі выпісаны ўсе дзеці, і туды сталі паступаць хворыя на каронавірус з Шумілінскага і Гарадоцкага раёнаў. З таго часу амаль месяц медыцынскія сёстры разам з урачамі жылі прама ў бальніцы. Занялі інфекцыйнае аддзяленне. Кажуць, што для іх былі створаны добрыя бытавыя ўмовы. Як след адпачыць пасля напружанай змены аказалася асабліва важна.

Здаралася, што і ўсе 24 месцы аддзялення былі занятыя хворымі. Людзі, асабліва тыя, што паступалі з суседняга раёна, бывала і панікавалі.

– Калі шчыра, нават нам, медыцынскім работнікам, напачатку было крыху не па сабе. Столькі жудаснай інфармацыі даходзіла праз тэлебачанне і інтэрнэт, – прызналася старшая медсястра Вольга Крычэўская. – Але хутка стала зразумела, што хвароба можа праходзіць і ў лёгкай форме, што выздараўліваюць і тыя, у каго сімптомы праяўляюцца больш выразна. Некаторыя пацыенты і месяц правялі ў стацыянары. Але ж усе выпісваюцца з адмоўным вынікам тэсту на каронавірус. Бачылі б вы, як яны радуюцца, абдымаюцца з намі і нават плачуць у гэты момант.

У Вольгі Крычэўскай чацвёра дзяцей, старшаму 10 год, а малодшай Машы ўсяго тры. Яна, дарэчы, цяжэй за ўсіх перажывала такое доўгае расстанне з матуляй. І цяпер, калі мама некуды збіраецца, заўжды строга пытае: «Ты куды?». На работу адпускаць ніяк не хоча.

У Святланы Купчанкі і Вольгі Тарасавай, якія ў прафесіі ўжо 30 і 40 год адпаведна, дзеці дарослыя. Але ж таксама хвалююцца. Хвалююцца і родныя, і сябры. Пішуць, прапаноўваюць дапамогу, спраўляюцца пра здароўе.  Прыемнай была падтрымка мясцовых прадпрыемстваў, арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў і ўсіх нераўнадушных людзей. Адны шылі маскі ды халаты, іншыя перадавалі медыкам каву, чай, фрукты, каб парадаваць, унесці свой уклад у агульную справу барацьбы з вірусам.

– Пандэмія паказала, хто сапраўдны сябар, на каго можна спа-дзявацца ў няпростай жыццёвай сітуацыі, – упэўнена старшая медсястра. – Мы з дзяўчатамі яшчэ больш здружыліся, сталі адным цэлым, надзейнай камандай.

Тэст на кронавірус у медсясцёр паказаў адмоўны вынік. Адчуваюць яны сябе добра. Вядома, градус бяспекі не зніжаюць: усю змену – у спецыяльных касцюмах, пальчатках, масках і ахоўных экранах. Бачныя толькі вочы, у якіх надзея на тое, што хутка ўсе мы зажывём, як раней.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

Опубликовано в №40 от 26.05.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *