У дэфіцыце ўрачы, прадаўцы, трактарысты…
Цяпер модна стала ў СМІ друкаваць абагульненыя статыстычныя партрэты. Мы вырашылі пайсці па гэтаму шляху і прапануем вам партрэт шумілінскага беспрацоўнага. Па тых даных, што прадставіла ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, атрымліваецца наступны вобраз: мужчына сярэдняга ўзросту без прафесійнай адукацыі, які пражывае ў Шуміліне.
З якіх жа назіранняў склаўся такі вобраз? Узровень беспрацоўя ў нашым раёне даволі стабільны (0,8%) і нават мае дынаміку да зніжэння. На 1 снежня бягучага года на ўліку стаяць 78 чалавек, з іх 46 мужчын і 32 жанчыны. 35 чалавек пражываюць у райцэнтры, 4 – у Обалі, 39 – у сельскай мясцовасці.
Пераважная большасць беспрацоўных (71%) не маюць прафесійнай адукацыі: у 18 чалавек – агульная базавая, у 38 – агульная сярэдняя адукацыя. З прафесійна-тэхнічнай адукацыяй 8 чалавек, з сярэдняй спецыяльнай – 13, з вышэйшай – 1.
Пры жаданні працаваць і прайсці неабходную перакваліфікацыю знайсці работу не цяжка. Ва ўпраўленні ёсць інфармацыя на 124 вакансіі, прычым з прадстаўленнем жылля – 10 вакансій.
Спецыялісты самага рознага ўзроўню патрабуюцца на многіх прадпрыемствах раёна. Шмат вакансій у сельскагаспадарчай вытворчасці. Работу аператарам машыннага даення, трактарыстам, вадзіцелем, жывёлаводам прапануюць ААТ “Ляжні”, “Прыазёрны мір”, “Прыдзвінскі”, КУСГП “Сіроцінскі”. Ёсць тут работа і для спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыяй: ветфельчары патрэбны ў “Ляжні” і “Сіроцінскі”, бухгалтары – у “Прыазёрны мір” і “Ляжні”, аграном – у “Прыдзвінскі”. Прапануюць і пасады галоўных спецыялістаў: энергетыка – “Ляжні”, агранома, заатэхніка, ветурача, эканаміста – “Прыазёрны мір”, эканаміста і ветурача – “Прыдзвінскі”.
Шумілінскаму лясгасу патрабуюцца інжынер па лесакарыстанні, ляснічыя, леснікі, работнікі рабочых прафесій.
Райспажыўтаварыства шукае прадаўцоў, бухгалтара і вядучага эканаміста. КУП БАН патрабуюцца галоўны бухгалтар, прыёмшчыкі заказаў (у Ляжнях, Мішневічах, Мішкавічах, Добрыне), слесар па рамонце аўтамабіляў, сталяр, аператар пральні, цырульнік.
Вакансіі ёсць для работнікаў культуры. Тут знойдуць работу мастацкія кіраўнікі (Лаўжанскі і Слабадскі клубы), загадчыкі клубаў (Навікі), акампаніятар (Мікіціха), касцюмер і загадчык дзіцячага сектара (Обальскі ГДК), бібліятэкар (Навікі).
Педагогі могуць знайсці работу ў Слабадзе (выхавальнік і педагог-псіхолаг). Аддзелу адукацыі патрабуюцца энергетык (гаспадарчая група), музычны кіраўнік, медсястра, дыетсястра (дзіцячыя сады).
Не хапае ўрачоў у Шумілінскай ЦРБ, патрэбныя тут фельчары і медыцынская сястра.
Шмат вакансій рабочых на Обальскім керамічным заводзе: цясляр, сталяр, маляр-тынкоўшчык, здымшчык-укладчык, садчык, вадзіцель МАЗа, трактарыст і іншыя.
Ну а каго цікавіць канкрэтная інфармацыя, прапануем звяртацца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №98 ад 20.12.2011 г.