«Галоўнае ў жыцці – сям’я»
Зінаіда Радзівонаўна Верам’ёва з аграгарадка Амбросавічы падзялілася з намі радасцю – унук Аляксандр вярнуўся з арміі. Жанчына з асаблівым гонарам дастае з канверта фотаздымак. Вось ён, яе Аляксандр, прыгожы, статны, падцягнуты. Гэта ён перадаваў бабулі прывітанні з арміі, віншаваў яе са святамі. На жаль, бачыцца прыходзіцца нячаста: усё ж Ленінградская вобласць – няблізкі свет. Там жывуць бацькі Аляксандра (дачка Зінаіды Радзівонаўны Валянціна з сям’ёй). Нягледзячы на адлегласць, З. Р. Верам’ёва ведае пра жыццё дачкі і ўнука ўсё да самых дробязяў. Цікавіцца бабуля не толькі пра здароўе сваіх родных, але і пра вучобу ўнукаў, пра іх каханне. Цікава жанчыне, ці дужа строгія камандзіры ў арміі. Яна жыве поспехамі сваіх родных.
“Для мяне самае галоўнае ў жыцці – сям’я, – гаворыць Зінаіда Радзівонаўна. – На Урале жыве сын Аляксандр, ён ваеннаслужачы. Другі сын Мікалай у Выбаргу. Побач са мной, у Амбросавічах, жыве дачка Ева. Яна мая дарадца і памочніца. А яшчэ ў мяне ёсць сем унукаў і пяць праўнукаў”. У Зінаіды Радзівонаўны было сямёра дзяцей, яна маці-гераіня. Але сёння ўжо няма ў жывых дачок Тані і Марусі, сына Пеці… Столькі гора выпала на долю маці.
Зінаідзе Радзівонаўне восемдзесят шэсць гадоў. Насуперак гадам застаецца чалавекам цікаўным, ініцыятыўным, працавітым. І ў кватэры прыбярэ, і вокны вымые, а бялізну адбеліць так, што ажно слепіць вочы. І парадку на агародзе могуць і некаторыя маладыя павучыцца.
Разгаварыліся з жанчынай пра сакрэты даўгалецця. “Ды ніякіх асаблівых сакрэтаў, – смяецца субяседніца. – Не ў цяпліцы расла, ды і жыццё мяне не песціла. Напэўна, арганізм загартаваўся з маладосці. Завербавалася на торфзавод “Бальшавік”, што быў у Гомельскай вобласці, там працавала тры гады. З работай спраўлялася, я хоць і ростам невялікая, але лоўкая. А потым вярнулася ў сваю вёску Кармапайкі Магілёўскай вобласці, дзе і выйшла замуж”.
Зінаіда Радзівонаўна пераехала на Шуміліншчыну ў 90-ых гадах пасля Чарнобыльскай аварыі. Уладкавалася ў мясцовы калгас. Працавала там і на пенсіі. “Раней у калгасе і лён сеялі, і бульбу садзілі, – згадвае жанчына. – Ніколі не адмаўляла ў дапамозе. Бывала, кіраўнік нашага калгаса Васіль Васільевіч Юхнавец аб’едзе кожны дом, збярэ нас усіх і завязе на лён. Мы адносімся да яго з вялікай павагай. А як не паважаць? Ён жа і пра здароўе пацікавіцца, і запытае, якая дапамога каму з нас патрэбна…”
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Шчасце, памножанае на 7
Шчасце прыходзіць да жанчыны ў асобе маленькага чалавека. Яна становіцца маці. Аднаго дзіцяці або двух. Але часам жыццё множыць гэты лік. На 3, 4, 5… І маці атрымлівае сваё мнагадзетнае шчасце…
Жыве ў маленькай вёсачцы Слабодка Гера Фёдараўна Казлоўская — адна з шаноўных матуль Дабейскага сельсавета. Узнагароджана медалём Мацярынства і ордэнам Мацярынскай славы, ветэран працы.
— Наша сям’я — самая звычайная, — гаворыць Гера Фёдараўна, — проста нас многа! З мужам Ула-дзімірам Цімафеевічам выхавалі сваіх дзяцей у любові і спагадзе, стараліся рабіць так, каб дзеці кожную хвілінку адчувалі, што яны для нас самыя лепшыя, што мы заўсёды зможам ім дапамагчы, падтрымаць. Цішыня і спакой — гэта не для нашай сям’і. А вось смех, гарэзлівасць, жарты, гульні – гэта пра нас!
Гера Фёдараўна сама вырасла ў мнагадзетнай сям’і. Вельмі ўдзячна сваёй матулі, якая навучыла жыццёвай мудрасці. Тая навука не раз спатрэбілася дачцэ ў дарослым жыцці. Асабліва калі сама стала маці семярых дзяцей. Каб накарміць такую сям’ю, Казлоўскія заўсёды садзілі вялікі агарод. Бульба, морква, цыбуля, буракі і іншая гародніна ў іх свае. Добрай падмогай быў і лес, адтуль багата прыносілі ягад і грыбоў, цягалі на санках хвораст для печкі.
А ноччу, паклаўшы дзетак спаць, Гера Фёдараўна звычайна садзілася за вязанне і шыццё. І раніцай ужо былі гатовы шкарпэткі, рукавічкі, шалікі.
Працаваць Гера Фёдараўна заўсёды любіла, да гэтага прывучыла і сваіх дзяцей. Яна і сёння трымае пчол і курэй, каб частаваць дзяцей мёдам і дамашнімі яйкамі.
У 1984 годзе лёс закінуў сям’ю Казлоўскіх на Далёкі Усход, у Хабараўскі край, дзе пражылі паўтара дзясятка гадоў. Дзеці выраслі, разляцеліся хто куды. Але родная зямля заўсёды цягнула да сябе, і ў 1999 годзе яны вярнуліся на Шуміліншчыну.
Кажуць: “Жыццё пражыць – не поле перайсці”. Так і ў Геры Фёдараўны: усяго хапіла на жыццёвым шляху – і гора, і радасці. Ужо тут, на шумілінскай зямлі, ёй давялося пахаваць мужа і сына. Засталася адна ў хаце. Але яна стараецца не сумаваць. Жыве клопатамі дзяцей. А яны тэлефануюць матулі з Віцебска, Оршы, Саратава, Архангельска, Хабараўска. У яе ўжо 14 унукаў, 6 праўнукаў. Дзеці выраслі працалюбівымі. Дочкі таксама вяжуць, выдатныя кулінаркі і на зямлі працаваць умеюць. Сыны – майстры на ўсе рукі. Вось і ў бацькоўскай хаце, дзякуючы ім, ёсць халодная і гарачая вада, сучасны душ.
Летам у вёсцы Слабодка позіркі прахожых вабяць кветкі на падворку Геры Фёдараўны. Кветкі – яшчэ адно яе захапленне.
Згадзіцеся, добра, што ў нашым жыцці ёсць вось такія добразычлівыя, шчырыя людзі. І важна, каб у паспешлівым рытме жыцця і будзённай мітусні мы заўважалі іх.
Вольга ДРОЗД, грамадскі карэспандэнт.
Надрукавана ў №98 ад 20.12.2011 г.