Калі хобі стала работай
Шумілінскіх спартсменаў добра ведаюць не толькі ў раёне, а і ў вобласці, рэспубліцы. Некаторыя з іх змаглі заявіць пра сябе і на сусветным узроўні. За кожным поспехам спартсмена стаіць штодзённая карпатлівая праца трэнераў і настаўнікаў фізічнай культуры.
Дзмітрый Ананьеў, Андрэй Лялюга і Уладзіслаў Вязіцкі.
Радуе той факт, што апошнім часам у шумілінскім спартыўным асяродку стала больш маладых спецыялістаў, якія сваім стараннем і працавітасцю змаглі заваяваць аўтарытэт. Сярод іх настаўнік фізічнай культуры Шумілінскай СШ №1 Андрэй Лялюга, інструктар-метадыст фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Дзмітрый Ананьеў і трэнер-выкладчык Шумілінскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Уладзіслаў Вязіцкі.
Хлопцы з дзяцінства любілі спорт і актыўны лад жыцця. Андрэй быў прызёрам розных абласных і раённых лёгкаатлетычных стартаў, Дзмітрый і Уладзіслаў у складзе валейбольных каманд перамагалі і на рэспубліканскім узроўні. «Спорт – наша жыццё, – усміхаюцца хлопцы. – Са старэйшых класаў марылі паступаць на факультэт фізічнай культуры ў Віцебскі дзяржуніверсітэт Сёння, працуючы з дзецьмі, хочацца, каб яны дасягнулі ў спорце большых вынікаў чым мы».
Андрэй Лялюга – патрабавальны і строгі. Ён цудоўна разумее, што настаўніку фізкультуры найперш неабходна прывіць любоў дзяцей і падлеткаў да актыўнага і здаровага ладу жыцця. І лепш гэта рабіць на уласным прыкладзе – ніводныя раённыя старты не абыходзяцца без маладога настаўніка. «Калі вучыўся ў Шумілінскай СШ №2, то ў валейбол, напрыклад, зусім не гуляў, – расказвае Андрэй. – Але пачаў трэніравацца з калегамі. Трохі падвучыўся і зараз трапіў у каманду аддзела па адукацыі». Задавальненне настаўніку прыносіць работа з вучнямі ў спартыўных секцыях і гуртках, калі яны могуць даваць годныя вынікі.
Дзмітрый Ананьеў у ФАЦ працуе як з дзіцячымі, так і з дарослымі групамі. Футбол, плаванне, атлетычная гімнастыка. Крэатыўнасць і адкрытасць сталі візітнымі карткамі інструктара-метадыста. Як сам ён прызнаецца, больш даспадобы працаваць з дзецьмі. Менавіта тут яскрава бачыш вынікі сваёй працы: нехта пачаў упэўнена адчуваць сябе на вадзе, а футбольная каманда перамагла на спаборніцтвах. А яшчэ падабаецца Дзмітрыю праводзіць масавыя спартыўныя мерапрыемствы. «Калі да цябе пасля спаборніцтваў падыходзіць хаця б адзін чалавек і пытаецца, якія секцыі ёсць у ФАЦ і як туды можна запісацца, то гэта гэта і ёсць самы плённы вынік тваёй работы», – упэўнены Дзмітрый.
Уладзіслаў Вязіцкі вучыць дзяцей валейболу ў СДЮШАР. У спартыўнай школе адразу прынялі маладога спецыяліста як калегу, падказвалі, раілі. І Уладзіслаў прыслухваўся, рабіў вывады, рос прафесійна літаральна на вачах. Падача, прыём, перадача, пас… – любы валейбольны навык павінен быць адпрацаваны да аўтаматызму. Малады трэнер не баіцца эксперыментаваць, спрабаваць новыя методыкі. «У XXI стагоддзі немагчыма стаць добрым спецыялістам без самаадукацыі, – разважае трэнер. – Трэніроўкі спрабую зрабіць карыснымі і цікавымі для дзяцей. Сёння толькі так можна зацікавіць юнае пакаленне». Наступны этап маладога трэнера – удзел каманды, якую трэніруе, у спаборніцтвах. Можна быць упэўненым, што каманда не падвядзе свайго трэнера.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №37 ад 15.05.2020 г.