Галоўная ёлка раёна
Якая прыгожая ёлка стаяла летась у парку, успамінаюць шумілінцы, ці знойдзе сёлета камунгас такую ж прыгажуню? Знайшоў. Учора работнікі камунгасу ўстанаўлівалі ў гарадскім парку ёлку. Як нам паведаміў начальнік участка лесанарыхтовак УП ЖКГ С. А. Сарокін, прыгажуню прывезлі ў райцэнтр з-пад вёскі Заручэўе Каўлякоўскага сельсавета. У гэтыя выхадныя яна ўжо будзе нас радаваць сваёй святочнасцю.
Тры тысячы прыгажунь
Падчас навагодніх святаў Шумілінскі лясгас плануе прадаць каля трох тысяч елачак і сасонак, паведаміў нам галоўны інжынер прадпрыемства А. М. Калдуноў. Іх можна будзе набыць ва ўсіх лясніцтвах раёна. Самая маленькая елачка (да аднаго метра) будзе каштаваць 18 тысяч рублёў, чатырохмятровая – 72 тысячы. Елкі можна будзе набыць ва ўнівермагу і магазіне “Мэбля”, які знаходзіцца на тэрыторыі гарадскога рынка. Елачкі і сасонкі з шумілінскіх лясоў будуць прадавацца і на пераднавагодніх кірмашах.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Святочныя кірмашы і падоўжаны рэжым работы
Часу да навагодняга свята застаецца ўсё менш, а клопатаў становіцца ўсё больш. Трэба ж паспець набыць усё неабходнае да свята: падарункі родным і знаёмым, прадукты да навагодняга стала, елку, упрыгажэнні да яе…
Зменшыць пераднавагодні ажыятаж і тым самым задаволіць патрэбы пакупнікоў спрабуе гандаль як дзяржаўны, так і прыватны.
Па-першае, з 20 снежня па 7 студзеня будзе падоўжаны рэжым работы гандлёвых аб’ектаў усіх форм уласнасці, аб’ектаў грамадскага харчавання, цэнтральнага рынку, аб’ектаў бытавога абслугоўвання. У асноўным рэжым работы павялічыцца на адну гадзіну.
Па-другое, 24 снежня, 30 снежня і 6 студзеня ў райцэнтры будуць наладжаны перадсвяточныя кірмашы на рынку, дзе жыхары і госці змогуць набыць усё неабходнае да свята.
Па-трэцяе, літаральна з заўтрашняга дня, з 17 снежня, распачнецца пашыраны гандаль елкамі як у Шуміліне, так і ў Обалі.
Да Новага года засталося два тыдні.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №97 ад 16.12.2011 г.