Паштальён. Прафесія абавязвае
З Ганнай Калеснікавай мы сустрэліся напярэдадні нашых прафесійных свят – Дня друку і Дня сувязі, якія адзначаюцца на пачатку мая. Работа нас яднае: мы ствараем газету, а яны, паштовыя работнікі, дастаўляюць наша (і не толькі) выданне да чытача.
Ганна Мікалаеўна працуе паштальёнам аддзялення паштовай сувязі Слабада дзесяць год. Працуе добра, спрытна, не дзіва, што менавіта яе кандыдатуру прапанавала паштовае ведамства на раённую Дошку гонару.
Хтосьці скажа, што гэта цяжка кожны дзень цягаць поўную сумку з перыёдыкай і рознымі таварамі. Хоць там дождж на вуліцы, хоць снег, а ты, будзь добры, забяспеч дастаўку.
Але калі б вы ведалі, які гэта чалавек Ганна Калеснікава! Калі б вам расказаць, што ў яе пяцёра дзяцей (цяпер ужо, дзякуй Богу, дарослыя), дом, гаспадарка, вялікі зямельны ўчастак, што да таго як прыйсці на пошту яна спраўна працавала цялятніцай у «Сіроцінскім» і бегала з цяжкімі вёдрамі, то вы зразумелі б, што з сённяшнімі сваімі абавязкамі яна спраўляецца з лёгкасцю. Паспявае і частку Слабады абслужыць, і да Дворышча з Чысцямі дабрацца.
Дарэчы, заўважана: калі ў чалавека надзейны тыл, тады на рабоце ў яго ўсё ладзіцца. А ў нашай гераіні тыл што трэба.
Як сама прызнаецца, у яе добры муж, ён працуе ў мясцовай гаспадарцы трактарыстам і як гаспадар асноўны цяжар дамашняй работы бярэ на сябе.
А работы (гектар зямлі, свінні, куры, была яшчэ і карова) уволю. Дзеці, а ў Калеснікавых два сыны і тры дачушкі, працавітымі выраслі, стараюцца прыехаць, дапамагчы. Толькі малодшая дачка яшчэ давучваецца ў Віцебску, астатнія на сваіх хлябах.
Як і ўсе маці, Ганна Мікалаеўна святлее тварам, калі гаворыць пра сваіх дзяцей, пра маленькую ўнучку, пра любімае сямейнае свята – Новы год, пра сямейныя традыцыі.
– А тавараў людзі сталі больш заказваць? – вяртаемся да рабочай тэмы.
– Ды не, як звычайна, хіба што перад Вялікаднём больш заказвалі мукі і булак.
Яна прыкметна хвалюецца, калі бачыць наведзены аб’ектыў фотаапарата (на першую ж старонку раённай газеты фатаграфуюць, і гэтая газета будзе захоўвацца ў сямейным альбоме), няёмка ўсміхаецца.
– А маскамі вас забяспечваюць? – стараюся зняць напружанне, бо чалавеку, які не прывык да ўвагі да сваёй персоны, нялёгка і фатаграфавацца, і гаварыць пра сябе.
– У поўнай меры і маскамі, і пальчаткамі, і антысэптыкамі, – адказвае Ганна Мікалаеўна. – Сёння інакш нельга.
– А якія газеты любяць выпісваць у Слабадзе і наваколлі?
– Па-ранейшаму ў лідарах раённая газета «Герой працы». Штомесяц падпісваю на раёнку 50-55 чалавек, а ўсяго на наша паштовае аддзяленне Слабада ідзе больш за сотню экзэмпляраў «Герой працы».
Пытаюся ў Ганны Мікалаеўны пра водгукі чытачоў, пра тое, якія заўвагі яны выказваюць па змесце раённай газеты.
– Ды вось на пятнічны нумар многія наракаюць, – пасля няёмкай паўзы кажа паштальёнка, – маўляў, праграма многа месца займае.
Заўвага слушная. І мы ў рэдакцыі некалькі разоў ужо падступаліся да таго, каб скараціць праграму, але ўсякі раз натыкаліся на другую групу людзей, якія апантана патрабуюць захаваць гэты праграмны блок у існуючым выглядзе. Тым не менш трэба прызнаць, што сёння гэты фармат устарэў і адназначна патрабуе аднаўлення. Таму мы абавязкова зробім так, як будзе зручна і цікава большасці нашых падпісчыкаў. Каб Ганне Калеснікавай і іншым паштальёнам было за гонар падпісваць і дастаўляць нашу газету.
Дзякуй вам, паштовыя работнікі, за вашу работу. Напярэдадні вашага прафесійнага свята жадаем вам, нягледзячы на бурны прагрэс інтэрнэт-выданняў, мацнець, квітнець і багацець. Будзьце здаровымі!
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №32 ад 24.04.2020 г.