Даглядае 100 свінаматак
Па жыцці Маргарыта Уладзіміраўна Васілеўская з Добрына вельмі працавітая. Гэтаму ў свой час навучылі бацькі, сваякі-вяскоўцы. Менавіта працавітасць, адказнасць і стараннасць сталі вызначальнымі, калі прозвішча М. У. Васілеўскай прапанавалі на раённую Дошку гонару.
Яна не любіць хваліцца, аддзяляць сябе ад калектыву падсобнай гаспадаркі «Добрынскае» ААТ «Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў», дзе працуе. Кажа, што кожны на сваім месцы, кожны адказна выконвае сваю работу. У Маргарыты Васілеўскай адзін з самых адказных участкаў работы – яна аператар падсосных свінаматак.
– У маёй групе тры сектары, у кожным з якіх знаходзяцца па 34 свінаматкі з прыплодам, – кажа Маргарыта Васілеўская. – Зараз, напрыклад, ёсць больш за 600 парасятак. Практычна кожны дзень прымаю апаросы ад дзвюх-трох свінаматак.
За восем гадоў работы на комплексе Маргарыта прывыкла да напружанага графіку работы. Аператар нагружае ў каляску камбікорм (дарэчы, гружаная каляска важыць каля 180 кг), вязе і раздае сваім гадаванцам. І так тры разы на дзень.
Асобны рацыён у парасят: ім трэба падвозіць спецыяльны камбікорм і карміць шэсць разоў на дзень. А яшчэ трэба вычысціць у клетках, пасыпаць вапнай, прасачыць за паводзінамі, апетытам і нават знешнім выглядам гадаванцаў. Менавіта аператары першымі б’юць трывогу, калі заўважаць нешта падазронае і тэрмінова выклікаюць ветэрынарных урачоў.
– Як жа вы адна спраўляецеся дагледзець сотню свінаматак і 600 парасят? – пытаюся ў Маргарыты Васілеўскай.
А тая ў адказ толькі ўсміхаецца:
– Напэўна, спрытная такая. Ну, а калі сур’ёзна, вялікая справа – звычка. Ды і мой участак работы не самы складаны. Калі я прыйшла працаваць на комплекс, то была аператарам на адкорме – даглядала амаль тысячу галоў свіней. Вось там на самой справе вельмі цяжка. Асабліва для жанчыны, бо многа фізічнай работы.
Маргарыта Уладзіміраўна кажа, што работай сваёй задаволена, бо і заробак нядрэнны, і сацыяльныя даброты прадугледжаны. Да таго ж, працуе на адным прадпрыемстве з мужам – Павел Васільевіч уладкаваўся ў гаспадарку вартаўніком.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №31 ад 21.04.2020 г.