Атрымалі граматы, кветкі, віншаванні
У вытворчым цэху ТАА «ВЕЖА» адбыўся ўрачысты сход з нагоды юбілею прадпрыемства.
Святлана Цімашэнка ўручае Ганаровую грамату райвыканкама Юрыю Афанасьеву.
На мерапрыемстве прысутнічала намеснік старшыні райвыканкама Святлана Цімашэнка. Святлана Віктараўна адзначыла, што «ВЕЖА» – адно з самых значных прадпрыемстваў Шуміліншчыны, якое не толькі дае людзям работу, але і папаўняе эканоміку раёна. 25 год у жыцці чалавека – гэта маладосць, а вось для прадпрыемства гэта дата – прызнанне, упэўненасць у сваіх сілах, надзейнасць і стабільнасць. С. В. Цімашэнка павіншавала ўсіх са святам, пажадала здароўя і дабрабыту, прадпрыемству ўручыла Ганаровую грамату райвыканкама. Такую ж узнагароду атрымалі начальнік вытворчай лабараторыі Юрый Афанасьеў і прыбіральшчыца Ала Саўчанка.
Дырэктар «ВЕЖЫ» Віктар Калыхан зачытаў прывітальны адрас ад заснавальнікаў і расказаў пра сённяшні дзень прадпрыемства. Пра гісторыю завода і яго першых работніках дапоўніў Юрый Афанасьеў.
Павіншаваць работнікаў прадпрыемства з юбілеем прыйшла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. Вольга Іванаўна адзначыла, што на заводзе працуюць руплівыя людзі, два гады таму яны стварылі адну з самых дружных прафсаюзных арганізацый у раёне. І ў гэтым заслуга і старшыні пярвічкі Юрыя Афанасьеіва, і кіраўніцтва. Вольга Іванаўна ўручыла Віктару Калыхану Ганаровую грамату Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК, граматы райкама прафсаюза работнікаў АПК – Юрыю Афанасьеву, кантралёру харчовай прадукцыі Таццяне Гурынай, бухгалтару Таццяне Грыгор’евай.
Ад прадпрыемства, мясцовай прафсаюзнай арганізацыі падчас свята многія работнікі прадпрыемства атрымалі граматы і падзякі, цёплыя словы прызнання за плённую работу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №31 ад 21.04.2020 г.