У цэнтры ўвагі: барацьба з сацыяльным злом
Алкаголь. Чалавек дакранаецца да яго, спадзеючыся на радасць, лёгкасць, бадзёрасць. Але як часта гэтая зманлівасць абарочваецца злом, сорамам, ганьбай, хваробамі, слязамі дзяцей, скалечанымі лёсамі.
На жаль, наша грамадства не гатова адмовіцца ад алкаголю. Забаронай, шаблямі і дубінамі праблему таксама не пераможаш, ужо спрабавалі. Таму застаецца адно: выхаванне, фарміраванне культуры быту і піцця.
Шлях архіскладаны, улічваючы, што выпіўка (а з яе, часта на першы позірк, бяскрыўднай, і пачынаецца залежнасць) стала нормай для большасці нашых суайчыннікаў. Але гэты шлях трэба пераадолець. Бо калі мы гэтага не зробім, у заложніках застануцца дзеці. Яны хочуць быць шчаслівымі, прагнуць мамінай і татавай пяшчоты. Алкаголь — гэта не іх выбар. Іх выбар — шчаслівае дзяцінства — стараецца абараніць дзяржава, на гэта накіраваны і Дэкрэт Прэзідэнта Беларусі № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. Пра гэта і размова на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое ў мінулы чацвер правёў кіраўнік раёна Вальдэмар Антонавіч Падляшчук. Удзел у пасяджэнні прынялі старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым кіраванні і рэгламенце В. М. Байкоў; намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Віцебскага аблвыканкама Т. В. Аляхновіч; памочнік пракурора Віцебскай вобласці І. В. Крукоўская і начальнік упраўлення правапарадку і прафілактыкі УУС аблвыканкама А. Р. Рукаль.
Адкрываючы пасяджэнне, Вальдэмар Антонавіч адзначыў тое станоўчае, што робіцца ў накірунку абароны дзяцінства ў раёне, звярнуў увагу на рэсурсы, выкарыстаныя не ў поўную моц.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Л. А. Грузневіч выступіла з аналізам работы па рэалізацыі Дэкрэта №18 у нашым раёне. Прасачыла дынаміку сямейнай неблаганадзейнасці, расказала аб найбольш эфектыўных метадах работы з цяжкімі сем’ямі, з абавязанымі бацькамі.
Пастаянныя рэйды, настаўніцка-бацькоўскія патрулі, мэтанакіраваная работа ўсіх зацікаўленых службаў дае вынік. 66% дзяцей, якія праходзілі праз Обальскі прытулак, вернуты ў біялагічныя сем’і.
Але ў нашым раёне востра не хапае дзіцячага дома сямейнага тыпу. У той жа час такая практыка ў іншых рэгіёнах дае даволі добрыя вынікі. На гэтым акцэнтаваў увагу В. М. Байкоў. Кіраўнік раёна бачыць такую ўстанову для дзяцей у Мікіцісе.
У нашым раёне на сённяшні дзень 128 асоб, што абавязаны кампенсаваць расходы дзяржавы на ўтрыманне сваіх дзяцей. З іх у арганізацыях раёна працуюць 98 чалавек. Бадай, самае складанае – прымусіць іх працаваць, без прагулаў, якасна, каб было з чаго ўтрымліваць. І гэта клопат як праваахоўных органаў, так і прадпрыемстваў і арганізацый, дзе такія асобы працаўладкаваныя. Пра гэта гаварылі, лічы, усе выступаючыя.
У той жа час трэба адзначыць, што далёка не ўсімі кіраўнікамі вытрымліваюцца патрабаванні Дэкрэта ў адносінах да абавязаных асоб.
На пасяджэнні слова было дадзена ўсім, у чыіх сілах паўплываць на сітуацыю з сацыяльным сіроцтвам у раёне. Галоўны ўрач райбальніцы, старшыні сельскіх Саветаў, кіраўнікі прадпрыемстваў, праваахоўныя органы – усе зыходзяцца ў адным: прычынай усяму – п’янства. Як з ім змагацца – пытанне адкрытае. Дакладней, метадаў, здаецца, і шмат, але эфектыўныя яшчэ трэба шукаць.
Станоўчы вопыт ёсць, але гэта хутчэй выпадковасць, чым заканамернасць.
Старшыня райвыканкама патрабуе дакладнага выканання абавязкаў, ускладзеных Дэкрэтам на ўсіх адказных асоб. А яшчэ вельмі важна шукаць нестандартныя метады, больш актыўна выкарыстоўваць чалавечы фактар.
Аліна ПЯТРОВА.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Ідэалагічны аспект
“Узмацненне барацьбы з п’янствам і алкагалізмам” —
такая злабадзённая тэма была абрана для адзінага дня інфармавання, які прайшоў у мінулы чацвер.
Пераадоленне такіх ганебных з’яў, як п’янства і алкагалізм — адна з глабальных задач, якія стаяць перад чалавецтвам. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, злоўжыванне алкаголем знаходзіцца на трэцім месцы сярод прычын смяротнасці (пасля сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў).
Асобамі ў нецвярозым стане здзяйсняецца амаль 40% усіх злачынстваў, яны — частыя віноўнікі дарожна-транспартных здарэнняў.
На жаль, Рэспубліка Беларусь адносіцца да групы краін з высокім узроўнем ужывання алкаголю. Так, па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, аб’ём продажу ўсіх відаў алкагольных напіткаў павялічыўся за 1995-2009 гады з 6,7 да 12 літраў у разліку на душу насельніцтва. Сусветная арганізацыя здароўя вызначае крытычны ўзровень спажывання алкаголю — 8 літраў у разліку на абсалютны алкаголь на кожнага жыхара краіны ва ўзросце 15 гадоў і старэй.
А Віцебская вобласць, як паведаміў галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў на дні інфармавання перад работнікамі УП ЖКГ, выйшла па гэтаму ганебнаму паказчыку за 2009 год у лідары — 15,9 літра.
У нашай краіне адзін з самых высокіх у Еўропе ўзровень самазабойстваў — 28,8 на 100 тысяч насельніцтва. Прычым, па даных генеральнай пракуратуры, больш 70% суіцыдаў здзейснена асобамі ў стане алкагольнага ап’янення, а 50% гэтых грамадзян злоўжывалі алкаголем.
У нашым раёне ад суіцыдаў у стане алкагольнага ап’янення загінулі ў 2009 годзе 13 чалавек, за пяць месяцаў бягучага года — 3. Памерла ад атручвання алкаголем у мінулым годзе 5 чалавек, сёлета — ужо 6. Праз рэанімацыю ў 2009 годзе прайшоў 31 хворы з алкагольным псіхозам, у бягучым — 10.
У краіне ў мінулым годзе выяўлены 49794 факты кіравання транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення. У нашым раёне — 120 фактаў за мінулы год і 37 за пяць месяцаў бягучага года.
Па даных аддзела ўнутраных спраў райвыканкама ў 2009 годзе ў п’яным стане здзейснена 47 злачынстваў, у бягучым — 18. Да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё спіртных напіткаў у грамадскіх месцах прыцягнуты 663 чалавекі ў мінулым годзе і 252 — сёлета.
За пяць месяцаў бягучага года аддзелам унутраных спраў райвыканкама ў раёне праведзена 7 праверак і адабрана 244,4 літра спіртаўтрымліваючай вадкасці.
У лячэбна-працоўныя прафілакторыі па рашэнні суда ў мінулым годзе былі накіраваны 33 асобы, якія пакутвалі ад алкагольнай залежнасці і сістэматычна парушалі грамадскі парадак, за 5 месяцаў бягучага года такіх накіраванняў выдадзена 16.