«Хлопцы сеяць, а я падвожу»
З такім аптымізмам, як сёлета, у КУСГП «Ульскі» да вясенне-палявых работ у мінулыя гады не прыступалі. Справа ў тым, што нядаўна гаспадарка ўвайшла ў Полацкую інтэграцыйную структуру. Гэта значыць, ёсць надзея, што падставяць плячо і дапамогуць у цяжкай сітуацыі.
І дапамогу ў «Ульскім» пачалі адчуваць ужо ў пачатку пасяўной. Яшчэ ў канцы сакавіка кіраўніцтва інтэграцыйнай структуры адправіла на ўльскія палеткі двух механізатараў на трактарах з плугамі нямецкай вытворчасці.
– Ворыва атрымалася проста выдатным, – расказала дырэктар гаспадаркі Валянціна Лабейка. – Адразу можна сеяць – такой апрацоўкі нашы палеткі яшчэ не бачылі. Спадзяемся, што на днях з інтэграцыйнай структуры дапамогуць нам яшчэ і пасяўным агрэгатам. Яшчэ Полацкі КХП выдзеліў 10 тон элітнай пшаніцы. Дапамаглі і мінеральнымі ўгнаеннямі. Ёсць неабходная колькасць азотных угнаенняў – у Рыпіншчыне карбамідам падкормліваем азімы рапс, чакаем з Полацка механізатараў з іх тэхнікай, каб дапамаглі падкарміць азімыя зерневыя. У будучыню мы глядзім з надзеяй і аптымізмам, спадзяемся на добрую вытворчасць і здабыткі.
На мінулым тыдні на палетках «Ульскага» разгарнуліся работы па ворыве, апрацоўцы глебы і сяўбе. Ва ўрочышчах Федзькава і Баркі працавалі тры трактары з плугамі, на палетках ля Обалі – два трактары з чызелямі. А вось ва ўрочышча Задоры на МТЗ з баронамі з самага ранку прыехаў Ігар Барысевіч. Яго работа была бачная здалёк – роўная без камякоў глеба. Яе якасць ацэньвае не толькі кіраўніцтва і агранамічная служба гаспадаркі, але і калегі, якія ідуць след у след на сваіх пасяўных агрэгатах, – Васіль Аглушэвіч і Уладзімір Прыгун.
Пакуль чакаем сеялкі, да поля пад’зджае мясцовы механізатар Дзмітрый Цярэнцьеў. «Прывёз 10 тон насення пшаніцы, – расказаў механізатар. – Хлопцы сеяць, а я падвожу. Вось зараз сеялка пад’едзе да краю поля, будзем запраўляць. За дзень раблю па 2-3 рэйсы да зернясклада. Заўсёды сачу за сеялкамі, каб не прастойвалі».
Пасля таго, як у «Лемкен» засыпана каля 600 кілаграмаў насення, гутарым з механізатарам Васілём Аглушэвічам. «Сёлетняя вясна практычна нічым не адрозніваецца ад мінулагодніх, – расказаў мужчына. – Сеяць пачалі 6 красавіка. Гэта прывыклы графік для нашай гаспадаркі: заўсёды пачынаем у такі час – у нас многа высокіх палеткаў. Тэхніка ідзе добра, так што за дзень спраўляюся з 15 гектарамі».
У гэтым годзе КУСГП «Ульскі» трэба засеяць 650 га яравых зерневых, 200 га рапсу, 250 га кукурузы. На раніцу ўчарашняга дня было засеяна 176 га зерневых.
Ларыса ЗАЙЦАВА.