В Шумилинском районе по горячим следам задержали воров

Актуалии Общество Происшествия

“Парасячым” злодзеям пагражае чатыры гады турмы
Апошнім часам у нашым раёне, як і па ўсёй краіне, значна павялічылася колькасць крадзяжоў. Крадуць усё: веласіпеды і запчасткі, лес і дызпаліва, жывёлу і кармы. Крадуць з прадпрыемстваў і з прыватных падворкаў, на вуліцы і з-пад замка.
Што цягне чалавека да чужой маёмасці? Галеча ці прагнасць да багацця, затуманеныя алкаголем мазгі ці хворая псіхіка?..
Здаецца, даўно вядомая ісціна “не тваё – не бяры”, але злодзеі не пераводзяцца. Узнікае пытанне: ”Ці разумеюць яны, што гэтым калечаць свае лёсы, ганьбяць сваіх блізкіх?”
Тры жыхары вёскі Добрына вырашылі пажывіцца за дзяржаўны кошт і, згуртаваўшыся для ганебнай справы, ноччу выкралі са свінакомплекса ААТ “Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў” 9 парасят і 9 мяхоў з камбікормам. Здабычу падзялілі “па-братэрску”.
Супрацоўнікамі РАУС у ходзе вышуковых мерапрыемстваў злодзеі былі знойдзены і затрыманы праз дзень. Ш. і А. ўзятыя пад варту. У адносінах да 18-гадовага М. абрана падпіска аб нявыездзе. Вядзецца следства. Згодна з артыкулам Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь злодзеям пагражае пазбаўленне волі да 4 гадоў. Бясспрэчна, кропкі ў справе расставіць суд. Ён вызначыць ступень віны і меру пакарання для кожнага.
Але ёсць нагода для роздуму ўсім, хто жыў побач, для грамадскасці. Што штурхнула іх да злачынства? Чаму іх родных не збянтэжылі тыя парсюкі, што раптоўна з’явіліся ў хлявах? Які жыццёвы шлях абралі зусім маладыя М. і А.? Чым думаў Ш., чалавек з жыццёвым вопытам, сталага ўзросту?
Ды і да кіраўніцтва прадпрыемства ёсць нямала пытанняў: як наладжана вартавая ахова, дзе былі вартаўнікі, чаму нічога не чулі і дазволілі злодзеям зрабіць сваю справу (не за пяць жа мінут яны нацягалі камбікорму і злавілі парсюкоў)…
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Каментарый пракурора
Я. Ю. Гуляеў, пракурор Шумілінскага раёна: “Зменшыць колькасць маёмасных злачынстваў магчыма толькі сістэмнай усебаковай работай усіх зацікаўленых бакоў. Таму рэакцыя праваахоўных органаў на рост колькасці карысных злачынстваў будзе жорсткай. Будзем выкарыстоўваць заключэнне пад варту, прасіць у судзе самыя жорсткія тэрміны пакаранняў – злачынцы павінны ведаць, што пакаранне немінучае. Узмоцнім нагляд за работай праваахоўных органаў і адміністрацый прадпрыемстваў па прафілактыцы крадзяжоў”.

Надрукавана ў №96 ад 13.12.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *