Дармавы сыр толькі ў мышалоўцы
Жыхар Шуміліна неяк убачыў рэкламу аўтамагнітолы ў адной расійскай інтэрнэт-краме. Самая сучасная аўтамагнітола вядомага сусветнага брэнда прапаноўвалася за 130 рублёў. У іншых магазінах падобная тэхніка прадавалася як мінімум у тры разы даражэй. «Вось дык пашанцавала!», – падумаў мужчына і адразу пачаў афармляць заказ. Неўзабаве патэлефанавалі з інтэрнэт-крамы і паведамілі, што абраны тавар ёсць на складзе і пасля аплаты яго вышлюць пакупніку.
Каля месяца чакаў мужчына аўтамагнітолу. Толькі вось пакупка выклікала адно расчараванне: замест сучаснай прыйшла аўтамагнітола старой мадэлі і невядомай чыёй вытворчасці. Ні адзін з заяўленых параметраў не адпавядаў рэчаіснасці. Шумілінец вырашыў пераправерыць свой заказ у інтэрнэт-краме: але старонка магазіна ў інтэрнеце знікла. Вырашыў патэлефанаваць прадаўцу, але пачуў: «Набраны вамі нумар не існуе».
Узяўшы ў рукі аўтамагнітолу, пайшоў мужчына ў міліцыю, дзе і напісаў заяву, што яго ашукалі.
Раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па факце махлярства ўзбудзіў крымінальную справу, санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць да трох год пазбаўлення волі. Як паведаміла следчы райаддзела Сняжана Андруковіч, зараз з расійскімі калегамі высвятляюцца ўладальнікі інтэрнэт-крамы і тэлефоннага нумара, з якога званілі мужчыну.
Для таго, каб інтэрнэт-пакупка была бяспечнай, Следчы камітэт раіць:
– у першую чаргу праверце адрас сайта ў радку браўзера, нават калі сайт вядомы і не раз выкарыстоўваўся вамі. Існуюць схемы махлярства, пры якіх ствараюцца фэйкавыя сайты з маскіроўкай пад вядомыя крамы. Самай дакладнай будзе праверка даменнага імя сайта на адным са спецыяльных сэрвісаў. У выпадку, калі праверка пакажа, што сайт быў зарэгістраваны зусім нядаўна – можна быць упэўненым у махлярстве.
Яшчэ адзін важны момант, які паказвае, што патэнцыйны пакупнік зайшоў на бяспечны сайт, гэта наяўнасць у рэсурсу дзеючага сертыфіката бяспекі. Выкарыстанне бяспечнага пратаколу пацвярджае сімвал «HTTPS» і выява зялёнага «замка» у адрасным радку. Калі названых знакаў няма, то пакупкі тут лепш не рабіць;
– калі вам прапануюць атрымаць тавар праз пошту накладным плацяжом, згаджацца можна ТОЛЬКІ пры ўмове адпраўкі з вопісам укладання. Толькі ў гэтым выпадку вы зможаце адкрыць пасылку і праверыць яе да аплаты плацяжу;
– калі патрабуюць перадаплату – адразу адмаўляйцеся ад пакупкі;
– калі сайт гандлюе без тэлефона ці тэлефон не адказвае – адмаўляйцеся ад пакупкі;
– перад пакупкай на невядомым вам сайце не палянуйцеся пошукаць водгукі на гэты сайт і па аналогіі з адрасам сайта праверце назву кампаніі, тэлефон.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №27 ад 07.04.2020 г.