Сцяна памяці «Шуміліншчына помніць!»
Набліжаецца адна з самых значных дат у гісторыі нашай краіны – 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг. У лёсе кожнай сям’і вайна пакінула свой след. Нашы родныя і блізкія кожны дзень здзяйснялі на ёй свой подзвіг. Яны ішлі на смерць у наступальных аперацыях, рылі акопы і арганізоўвалі палявыя шпіталі, сыходзілі ў лясы, каб стаць партызанамі, працавалі ў тыле, гінулі за калючым дротам ў канцлагерах і гета. Гісторыя іх жыцця – гэта не проста старонкі ў падручніках, гэта жывыя вобразы і прыклады. Менавіта на такіх прыкладах нам варта вучыць падрастаючае пакаленне і вучыцца многаму самім. Пакуль у нас яшчэ ёсць такі шанс захаваць у памяці вобразы сапраўдных Герояў, паказаць ветэранам, што іх подзвігі помняць і імі ганарацца, прыняўшы ўдзел у патрыятычнай інтэрнэт-акцыі «Сцяна памяці “Шуміліншчына помніць!”».
Для ўдзелу ў акцыі неабходна прынесці фатаграфіі сваіх родных і блізкіх, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне – ветэранаў вайны і працоўнага фронту, дзяцей вайны, вязняў канцлагераў і гета – у пункт прыёму акцыі – Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей (г. п. Шуміліна, вул. Кароткіна, 12) ці адправіць па электроннай пошце на адрас музея – shumuz@mail.ru.
Таксама неабходна запоўніць анкеты з абавязковым указаннем прозвішча, імя, імя па бацьку, гадоў жыцця (у залежнасці ад абставін указаць дату смерці ці напісаць “жывы”, або “прапаў без вестак”), месца нараджэння.
Для ўдзельнікаў баявых дзеянняў, партызан: у якім годзе прызваны (пайшоў добраахвотнікам на фронт ці ў партызаны), род войск, званне, вайсковае падраздзяленне, у складзе якога служыў (для партызан – назву брыгады, атрада), узнагароды, раненні, баявы шлях, уражанні, гісторыі, якія найбольш запомніліся.
Для працаўнікоў тылу: дзе і калі працаваў у гады Вялікай Айчыннай вайны, якую прадукцыю выраблялі, узнагароды, уражанні, гісторыі, якія найбольш запомніліся.
Для вязняў канцлагераў, гета: калі і ў якім канцлагеры, гета знаходзіўся (па магчымасці ўказаць назву ці месца знаходжання), уражанні, гісторыі, якія найбольш запомніліся.
Для дзяцей вайны: дзе знаходзіўся ў час вайны, уражанні, гісторыі, якія найбольш запомніліся.
Будзем удзячныя, калі анкетныя даныя будуць дапоўнены расказам пра баявы шлях вашага блізкага чалавека, які будзе апублікаваны асобна на старонках раённай газеты. Усе фотадакументальныя матэрыялы будуць размешчаны на афіцыйным сайце Шумілінскага райвыканкама ў раздзеле «75 год Перамогі» ў падраздзеле «Сцяна памяці “Шуміліншчына помніць!” ». Акцыя будзе праводзіцца да 3 ліпеня 2020 года ўключна.
Далучайцеся! Давайце раскажам пра тых, хто перамог у той напоўненай жахамі і пакутамі вайне, пра тых, хто аддаў жыцці дзеля мірнага неба над галавой для ўсіх нас, сваіх нашчадкаў. Усе расказы і фатаграфіі, сабраныя вамі, будуць захоўвацца ў фондах Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея і дадуць магчымасць перадаць памяць ветэранаў і выхоўваць будучыя пакаленні моладзі, якія не дадуць забыць нашу гісторыю аб Вялікай Перамозе.
Апублікавана ў №25 ад 31.03.2020 г.