Навесці парадак ў населеных пунктах
1 па 30 красавіка ў Шумілінскім раёне абвешчаны месячнік па добраўпарадкаванні і санітарнай ачыстцы населеных пунктаў.
У ходзе месячніка арганізацыям і працоўным калектывам, насельніцтву раёна неабходна прывесці ў парадак уласныя і прылеглыя, а таксама замацаваныя тэрыторыі, правесці неабходныя работы па іх эстэтычным і зялёным афармленні. На працягу красавіка будуць высаджаны дрэвы і кусты, разбіты клумбы і кветнікі, аформлены дэкаратыўныя кампазіцыі, добраўпарадкаваны паркі, скверы, іншыя зялёныя насаджэнні. Трэба прывесці ў парадак месцы масавага адпачынку. Неабходна ліквідаваць несанкцыянаваныя сметнікі ў населеных пунктах і вакол іх, прыбраць і здаць на пункты прыёму другаснай сыравіны лом чорных і каляровых металаў, пластык, шкло.
Распараджэннем старшыні райвыканкама аб правядзенні месячніка вызначаны арганізацыі, аб’ёмы і віды работ, якія неабходна выканаць. Не павінна застацца ў баку і насельніцтва раёна. На працягу красавіка трэба адрамантаваць спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі для нашых дзяцей, навесці парадак на дваровых тэрыторыях шматпавярховых дамоў і на прыватных падворках.
Сумеснымі намаганнямі мы зробім нашы населеныя пункты чыстымі і прыгожымі, утульнымі і зручнымі для жыцця.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №24 ад 27.03.2020 г.