Лепшыя работнікі кацельняў – у Шуміліне і Кардоне
Стала добрай традыцыяй напярэдадні свята праводзіць конкурс прафесійнага майстэрства сярод рабочых масавых прафесій «Лепшы работнік УП ЖКГ Шумілінскага раёна».
Машыністы (качагары) кацельняў УП ЖКГ спаборнічалі ў конкурсе на званне лепшага. Пераможца Максім Жураў (чацвёрты справа).
Спаборнічаюць за званне лепшага прадстаўнікі розных прафесій. Так, у папярэднія гады прайшлі конкурсы сярод вадзіцеляў, трактарыстаў, электрагазазваршчыкаў, майстроў, слесараў.
– Сёлета было вырашана правесці конкурс аператараў і машыністаў (качагараў) кацельняў, – расказвае галоўны інжынер арганізацыі Максім Русецкі, які ўзначаліў журы конкурсу. – Ад іх работы ў першую чаргу залежыць цяпло ў нашых дамах. Прафесія не такая простая і лёгкая, мае шмат нюансаў, патрабуе строгага выканання тэхнікі бяспекі.
Спачатку ўдзельнікі конкурсу адказалі на тэарэтычныя пытанні. Затым прадставілі візіткі пра сябе і сваю кацельню. Трэба адзначыць, што ўдзельнікі крэатыўна падышлі да самапрэзентацый: спявалі, чыталі вершы, прэзентавалі свае фотаработы.
Але самы важны этап – практычны. Усе канкурсанты добра справіліся з заданнем, даказалі, што са сваімі службовымі абавязкамі яны спраўляюцца на сто працэнтаў.
Апошнім этапам конкурснай праграмы стаў медыцынскі, на якім удзельнікі конкурсу павінны былі накласці медыцынскую павязку.
Аператары кацельняў – удзельнікі конкурсу прафмайстэрства. Пераможца Юлія Вісляева (сядзіць).
У выніку ў намінацыі «Лепшы аператар кацельні» прызавая тройка наступная: першае месца – Юлія Вісляева (цэнтральная кацельня г. п. Шуміліна), другое – Аліжон Алімаў (кацельня г. п. Обаль), трэцяе – Мікалай Рагожкін (кацельня ТМА).
У намінацыі «Лепшы машыніст (качагар) кацельні» перамог машыніст кацельні Кардон падраздзялення «Лаўжанскае» Максім Жураў, другім стаў Уладзімір Якаўлеў (кацельня Слабада падраздзялення «Сіроцінскае»), трэцім – Анатоль Кавалеўскі з кацельні Добрына падраздзялення «Лаўжанскае».
Пераможцы і прызёры конкурсу атрымалі дыпломы і грашовыя прэміі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №22 ад 20.03.2020 г.