9 декабря – Международный день борьбы с коррупцией

Закон Общество

9 снежня – Міжнародны дзень барацьбы з карупцыяй
9 снежня 2003 года ў Мексіцы была падпісана Канвенцыя ААН супраць карупцыі. Устанаўленне Міжнароднага дня, як пазначана ў рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН, мела на мэце паглыбленне разумення праблемы ў грамадстве, папярэджанне карупцыі і барацьбу з ёй.
У Рэспубліцы Беларусь створана сістэма антыкарупцыйнага заканадаўства. У грамадстве ствараецца атмасфера непрымальнасці карупцыі. У СМІ шырока асвятляюцца судовыя працэсы па найбольш значных карупцыйных справах.
Як паказвае апытанне насельніцтва, 58,5% выказваюць думку аб шырокім распаўсюджанні карупцыі ў грамадстве, але штогод гэтая лічба змяншаецца. Думку аб значным распаўсюджанні карупцыі падтрымліваюць больш за ўсё (да 67%) жыхары Мінска і Магілёўскай вобласці, найменш (46%) – Віцебскай вобласці. У грамадстве пераважае негатыўнае стаўленне да карупцыі. Самымі карупцыйнымі, на думку рэспандэнтаў, з’яўляюцца сферы аховы здароўя (46,5%), дзяржаўнага кіравання (31,5%), адукацыі (22,5%), бізнесу (20%). Нізкая карупцыйнасць адзначаецца ў АПК (1%), культуры (1,5%), спорце (4%) і банкаўскай сферы (5%).
У Шумілінскім раёне, як паведаміў намеснік пракурора раёна А. Б. Вецюгоў, сёлета за 11 месяцаў зарэгістраваны тры злачынствы, звязаныя з карупцыяй (усе па арт. 210 Крымінальнага кодэксу РБ – крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі). Пракуратурай раёна пастаянна праводзяцца праверкі на выяўленні парушэнняў антыкарупцыйнага заканадаўства. Большасць парушэнняў тычыцца няправільнага ці няпоўнага запаўнення дэкларацый аб даходах і маёмасці і аб крыніцах грашовых сродкаў службовымі асобамі дзяржаўных устаноў і арганізацый.
Як адзначаецца ў рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН, барацьба з карупцыяй — справа ўсіх дзяржаўных органаў і грамадства ў цэлым.
Падрыхтаваў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №95 ад 09.12.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *