Без жанчын нельга жыць на свеце
«Жанчыны сёння змяняюць традыцыйнае ўяўленне аб слабым поле. Складана знайсці сферу дзейнасці, дзе не працуюць жанчыны, – адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, выступаючы на раённым святочным мерапрыемстве, якое прайшло 6 сакавіка ў Шумілінскай дзіцячай школе мастацтваў. – Без абаяльных усмешак, ласкавых рук, выключнай стараннасці, адказнасці і актыўнасці цяжка ўявіць любую прафесію. У эканоміцы і палітыцы, навуцы і мастацтве, арміі і сілавых структурах жанчыны ўпэўнена даказваюць, што ў свеце не існуе толькі мужчынскіх прафесій».
І. М. Новікава і Т. Г. Кухарэнка.
Ірына Мікалаеўна падкрэсліла, што пры гэтым жанчыны знаходзяць у сабе сілы ствараць утульнасць, захоўваць дамашні ачаг, нараджаць і выхоўваць дзяцей, дарыць пяшчоту і ласку, любоў і дабрыню сваім блізкім, займацца грамадскай дзейнасцю.
«Паважаныя жанчыны – маці і бабулі, жонкі і дачкі, сёстры, калегі! Ад імя раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў прыміце шчырыя віншаванні з надыходзячым святам любові, вясны і пяшчоты – 8 сакавіка! Няхай гэты святочны дзень прынясе вам душэўны ўздым, ахутае вас клопатам і любоўю, падорыць вам яркія ўражанні і цудоўны настрой. Няхай у вашым жыцці будзе больш сонечных дзён. Здароўя вам, міру і дабрыні, разумення і павагі, дабрабыту. Будзьце шчаслівыя і любімыя», – павіншавала ўдзельнікаў мерапрыемства старшыня раённага Савета дэпутатаў.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь высокай дзяржаўнай ўзнагародай – ордэнам Маці – была адзначана Таццяна Кухарэнка, якая працуе ў шумілінскім падраздзяленні ТАА «Вітконпрадукт». Таццяна Генадзьеўна нарадзіла і выхоўвае пяцёра дзяцей.
Ірына Новікава павіншавала Таццяну Кухарэнку з узнагародай і ўручыла ёй ордэн Маці. Гэтая ўзнагарода яшчэ раз пацвярджае ролю жанчыны ў грамадстве, увагу, з якой наша дзяржава ставіцца да мацярынства і сям’і, адзначыла кіраўнік раённага Савета.
Музычныя нумары святочнага канцэрта падрыхтавалі работнікі раённага цэнтра культуры, а свае віншаванні жанчынам адрасавалі шумілінскія мужчыны.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №19 ад 10.03.2020 г.