Здарэнні. Крымінал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

Прысваенне
Па ч. 1 арт. 211 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Прысваенне або растрата» ўзбуджана крымінальная справа супраць бармэна кафэ «Караван», які прысвоіў тавары і грошы. Агульны ўрон ацэнены на 1690 рублёў. Максімальнае пакаранне, што пагражае мужчыну, – пазбаўленне волі да 4 гадоў са штрафам або без яго.

Сумка
Жыхарка Мікалаева звярнулася ў міліцыю з той нагоды, што ў яе прапала сумка. Жанчына прызналася, што ішла па дарозе нападпітку, упала і нейкі мужчына дапамагаў ёй падняцца. Калі прыйшла дадому, зразумела, што сумкі, якую яна несла ў руках, не было. Па словах жанчыны, у сумцы знаходзіліся прадукты і 300 долараў ЗША. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа. Падрабязнасці крадзяжу высвятляюцца.

Металалом
Дачу віцяблянкі ў вёсцы Лоўша абрабавалі. З лазні прапаў металалом, кошт якога ацэнены амаль на 60 рублёў. Па дадзеным крадзяжы ўзбуджана крымінальная справа. Злодзеі вышукваюцца.

Са зводак ДАІ

Перакуліўся
Жыхар аг. Амбросавічы, які ехаў па вясковай дарозе на асабістым легкавым аўтамабілі, не ўлічыў, што выпаў снег і праезная частка можа быць слізкай. Мужчына не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет і перакуліўся. Вадзіцель не пацярпеў, а вось аўтамабілю па-трабуецца рамонт. За ДТЗ на вадзіцеля складзены адміністрацыйны пратакол.

Уцякач
Жыхар райцэнтра, які кіраваў аўтамабілем ВАЗ-2106 на аўтадарозе Віцебск-Полацк, з’ехаў у кювет. З месца дарожна-транспартнага здарэння мужчына ўцёк, але хутка быў знойдзены супрацоўнікамі ДАІ. Як высветлілася, у гаспадара легкавушкі не было правоў кіравання, у аўтамабіля адсутнічаў допуск да ўдзелу ў дарожным руху. Складзены адміністрацыйны пратакол, мужчыну пагражае штраф да 20 БВ і пазбаўленне права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на два гады.

Пешаход
Падчас чарговага рэйду па Обалі ў поле зроку супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі трапіў мясцовы жыхар, які ехаў на веласіпедзе далей чым адзін метр ад правага краю праезнай часткі. Гэтым самым перашкаджаў вадзіцелям і ствараў аварыйную абстаноўку на дарозе. Да таго ж, веласіпедыст быў нецвярозы. Па патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ веласіпедыст сышоў з праезнай часткі. На мужчыну складзены адміністрацыйны пратакол, пагражае штраф ад 3 да 5 БВ.
Людміла ЗУЙКОВА.
Апублікавана ў №19 ад 10.03.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *