«Яны ўпрыгожваюць свет»
Свята з такой назвай, прысвечанае Дню жанчын, прайшло ў раённай бальніцы. Мерапрыемства пры падтрымцы прафсаюзнай арганізацыі рыхтавала мужчынская палова ўстановы аховы здароўя.
Мужчыны былі і вядучымі, і спевакамі, і чытальнікамі вершаў, і арганізатарамі выстаў. Адным словам, праявілі ўсю сваю фантазію, паказалі мастацкія здольнасці.
З вершамі і апавяданнямі ўласнага сачынення перад прысутнымі выступіў урач-кардыёлаг і вядомы ў раёне краязнаўца Віктар Улюценка. Віктар Васільевіч напісаў верш пра вясну, які на музыку паклаў Анатоль Міхееў.
Вядучыя – фельчар Іван Казелька і рэнтгенлабарант Аляксандр Барадзін – чыталі цудоўныя вершы, прысвечаныя жанчынам. Фельчар «хуткай дапамогі» Раман Кулецкі граў на гітары і спяваў, жартоўныя прыпеўкі для жанчын падрыхтавалі хірург Аляксандр Рудовіч і акушэр-гінеколаг Аляксандр Матора. Арыгінальным было жартаўлівае віншаванне жанчынам урача-тэрапеўта Канстанціна Баканава. Хто па нейкіх абставінах не мог прыйсці на свята, падрыхтаваў для жанчын відэавіншаванне.
У тым, што жанчыны – урачы, медсёстры, санітаркі, бухгалтары бальніцы – людзі неардынарныя, з залатымі рукамі і багатай фантазіяй, можна было ўпэўніцца на выставе мастацкай творчасці.
У групу падтрымкі мужчынскага калектыву бальніцы ўвайшлі самадзейныя артысты Аляксей Цімафееў і Ірына Салаўёва, якія падарылі ўсім святочныя песні. Увогуле свята прайшло актыўна, з твараў жанчын не сыходзілі ўсмешкі. Сюрпрыз мужчынам удаўся.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №19 ад 10.03.2020 г.