Доска почета Шумилинского района: Светлана Иванова

Главное Культура Общество

Пра музей з атмасферай

Святлана Іванова працуе ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі больш за 20 год, 5 з якіх кіруе калектывам. Прызналася, што ў прафесію прыйшла выпадкова, але сёння ні ў якой іншай сферы ўявіць сябе ўжо не можа. Гэта захоплены сваёй справай чалавек, энтузіязму, творчага запалу якога хапае не толькі, каб натхняць на новыя праекты сваіх калег, але і прыцягваць у музей усё больш і больш цікаўных людзей.

– Які ён, ваш ідэальны наведвальнік?
– Хочацца, каб ён не проста праходзіў міма, хаця і такому госцю мы шчыра рады. Але ж калі чалавек цікавіцца экспазіцыяй, задае пытанні, усвядомлена ідзе ў музей, мы радуемся ўдвая. Можна сказаць, што сёння мы гадуем наведвальніка новага пакалення, свабоднага ад стэрэатыпных уяўленняў пра застыласць музеяў, іх статычнасць. Некаторыя ж і ў наш прасветлены час сапраўды лічаць, што аднойчы пабываўшы ў музеі, рабіць там больш няма чаго. Прыходзьце і даведаецеся, што тут можна не толькі пазнавальна, але яшчэ весела і цікава праводзіць вольны час. Несумненна, прапануючы наведвальнікам самыя разнастайныя формы работы, мы стараемся захоўваць сваю ідэнтычнасць, каб не ператварыцца раптам у звычайны Дом культуры.
– Сапраўды, разнастайныя мультыкультурныя ўстановы, якія атрымалі папулярнасць у апошні час, могуць паставіць пад сумненне неабходнасць у музеях у чыстым выглядзе. Ва ўсялякім разе, у такіх невялікіх пасёлках, як наш. Сучасніку ўсё больш Луўр ці Траццякоўку падавай.
– Я думала пра гэта і прыйшла да высновы, што для маленькіх гарадоў свой музей яшчэ больш неабходны. Людзі ідуць да нас за гісторыяй, упэўненыя, што менавіта тут атрымаюць самыя праўдзівыя звесткі. Мы бачым іх цікаўнасць і ставім перад сабой задачу не толькі захаваць і максімальна прэзентаваць тое, што ўжо назапашана, але і пакрысе занатоўваць сучаснасць. Праходзіць час, і ўсё становіцца гісторыяй. З гэтага пасылу нарадзіліся многія нашы праекты, такія, як, напрыклад, “Вуліцы нашага горада”, які рыхтавалі да святаў вуліц, ці “Каляндар падзей” – да юбілеяў раёна. Невычэрпнай крыніцай інфармацыі для нас з’яўляюцца СМІ. Мы стараемся не ўпусціць і захаваць для нашчадкаў усе важныя для раёна і людзей падзеі і факты. Гэта вялікая, скрупулёзная і вельмі адказная работа. Але затое, да прыкладу, пра гучныя перамогі шумілінскіх спартсменаў будуць ведаць і праз 10, і праз 50 год. Як і пра тое, скажам, як у храм трапіла ікона, ці як гэты самы храм будаваўся.
– Можна не сумнявацца, што сёння нават самыя высакародныя матывы дзейнасці не пазбавяць музей ад неабходнасці ўлічваць камерцыйны яе складальнік. Як удаецца выжываць, калі білет каштуе капейкі?
– Так, мы захоўваем сацыяльную арыентаванасць і не ўзнімаем кошт уваходных білетаў. Я застала тыя часы, калі хадзіць у музей можна было бясплатна, і не лічу гэта дрэннай практыкай. У той жа час за год нашу ўстанову наведваюць каля 10 тысяч чалавек. Я ўжо адзначала, што мы пастаянна прыдумваем новыя формы работы, распачынаем цікавыя праекты, наладжваем сувязі з прыватнымі калекцыянерамі, каб зрабіць музейнае жыццё як мага больш разнастайным і цікавым. Акрыляе нас новая выставачная зала, дзякуючы адкрыццю якой з’явілася больш магчымасцяў для выставачнай дзейнасці.
– Можна заўважыць, што ў музея сфарміравалася свая аўдыторыя – людзі, якія не прапускаюць ніводнай значнай падзеі.
– Так, па-першае, гэта дзеці. І мы вельмі радуемся, што ім сапраўды цікава ў музеі. Ёсць у нас і інклюзіўны праект – працуем з выхаванцамі цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Паказваем, што яны на роўных з іншымі могуць удзельнічаць у любых музейных мера-прыемствах. З 2014 года актыўна займаемся падтрымкай творчасці ветэранаў. Цяпер гэта работа трансфармавалася ў цэлы культурна-асветніцкі праект з паездкамі, экскурсіямі, лекторыямі. Так, касцяк актывістаў склаўся, а новыя праекты адкрываюць для нас патэнцыйную аўдыторыю, на якую можна абапірацца.
– Які з больш як 12 тысяч экспанатаў музея самы каштоўны?
– Я не магу адказаць на гэтае пытанне. Зараз пачну расказваць вось пра гэтую карціну, і вы падумаеце, што даражэй за яе нічога няма. Так, пра кошт можна гаварыць, але не пра каштоўнасць. Як, скажыце, ацаніць ліст ваеннай пары?.. Многія экспанаты, за год каля 200 штук, прыносяць самі людзі. У нас, напрыклад, ёсць ёлачная цацка ў выглядзе агурка 1936 года. Можаце ўявіць каштоўнасць гэтай сямейнай рэліквіі, якую чалавек не пашкадаваў аднесці ў музей? А колькі найкаштоўнейшых матэрыялаў прынеслі людзі да 100-годдзя камсамолу – Раіса Шах, Алена Авяр’янава і іншыя.
– А якім вы бачыце шумілінскі музей у сваіх марах?
– Вядома, я мару пра вялікі будынак, у якім хопіць месца размясціць усе нашы фонды, які будзе камфортны для наведвальнікаў, сучасны, інтэрактыўны. Але зноў жа, вельмі важна, каб гэтая інтэрактыўнасць не згубіла самабытнасць, непаўторны дух, атмасферу. Я часта бываю ў музеях і бачу, што не ўсім гэта ўдаецца. Бачу вялікія халодныя залы, куды людзі прыходзяць проста паглядзець на прадметы. Я ганаруся тым, што ў нашым музеі ёсць тая самая атмасфера, гэта адзначаюць шматлікія госці з іншых гарадоў і замежжа.
– Раскажыце, як у музей прыйшлі вы.
– Выпадкова. І прызнаюся, што не адразу адчула сябе на сваім месцы. Тады дырэктарам была Валянціна Пятроўна Кобзун, якой я вельмі ўдзячная, як за прапанову працаваць у музеі, так і за вопыт, якім яна шчодра дзялілася. І Людміле Васільеўне Голубевай, ад якой я шмат узяла як ад кіраўніка. І наогул, да ўсіх, з кім мне даводзілася і даводзіцца працаваць, я стаўлюся з вялікай павагай і цеплынёй.

Прозвішча Святланы Івановай занесена на раённую Дошку гонару, а гэта значыць, што яе прафесіяналізм, вопыт, самаадданасць высока цэняць у раёне.
Гутарыла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №9 ад 04.02.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *