У барацьбе за жывога пешахода
Улічваючы той факт, што пешаходы – найбольш уразлівыя ўдзельнікі дарожнага руху, відавочная і павышаная ўвага да іх паводзін на дарозе з боку дзяржаўтаінспекцыі. Вялікія надзеі ў гэтым сэнсе на прафілактычную работу – гутаркі, папярэджанні, інфармаванне пра нядаўнія няшчасныя выпадкі, уручэнне памятак. Менавіта такую мэту ставілі перад сабой супрацоўнікі ДАІ РАУС, якія 28 студзеня сумесна з інспектарамі ДАІ УУС працавалі на аўтадарозе Р-20 і вуліцах горада.
– Ужо за гэты год на дарогах вобласці адбыліся 22 аварыі з удзелам пешаходаў, у якіх 5 чалавек загінулі і 18 атрымалі раненні, – падзялілася інфармацыяй інспектар ДАІ УУС Марыя Комлева.
Спыняючы велікагрузныя аўтамабілі, прадстаўнікі правапарадку звярталі ўвагу вадзіцеляў на тое, што трэба быць уважлівымі да пешых удзельнікаў дарожнага руху, уручалі адпаведныя памяткі. Бывае, заўважыўшы на дарозе цела чалавека, вадзіцелі ў лепшым разе тэлефануюць у ДАІ ці “Хуткую дапамогу”, але не спыняюцца, каб дапамагчы, хаця б адцягнуць яго з праезнай часткі. Праўда, усе ўдзельнікі дадзенай прафілактычнай акцыі запэўнілі, што заўсёды аказваюць дапамогу ў такіх выпадках, а надалей будуць яшчэ больш уважлівымі.
З больш як 5 тысяч парушэнняў правілаў дарожнага руху, зафіксаваных у мінулым годзе ў Шумілінскім раёне, 538 адбыліся з удзелам пешаходаў, веласіпедыстаў і возчыкаў гужавога транспарту. Начальнік аддзялення ДАІ РАУС Мікалай Гаралевіч прызнае, што ні п’яныя вадзіцелі, ні «бяспраўнікі», а менавіта пешаходы з’яўляюцца самым вялікім іх галаўным болем. Асабліва, калі гаворка ідзе пра іх рух па рэспубліканскай трасе.
– Людзі, высаджваючыся на чыгуначных станцыях Добрына, Лоўша, Обаль дабіраюцца дадому – а часам гэта суседняя вёска – пяшком. Вядома, не ўсе ідуць па краі праезнай часткі і пазначаюць сябе флікерамі, – расказвае Мікалай Гаралевіч.
Устаноўка святлодыёдных свяцільнікаў на тэрыторыі гарадскога пасёлка ўздоўж трасы Р-20, абсталяванне пешаходнай дарожкі па накірунку ад райцэнтра да вёскі Прыазёрная і іншыя меры заклікаюць знізіць аварыйнасць на дарогах Шуміліншчыны, у тым ліку і з удзелам пешаходаў.
У гэты дзень многія веласіпедысты атрымалі парады па бяспецы і святловяртальныя стужкі, якія на іх жалезных сяброў клеілі супрацоўнікі ДАІ. Пешаходы, у тым ліку дзеці, абяцалі праваахоўнікам берагчы сябе.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №8 ад 31.01.2020 г.