На рождественском вечере в Шумилино сказали спасибо всем, кто не скупится на добрые дела

Главное Новости

Падзякі і песні для творцаў дабра
У пятніцу 10 студзеня ў Шумілінскай дзіцячай школе мастацтваў прайшоў калядны вечар «Свет у чаканні цудаў…», на які былі запрошаны людзі, якія на працягу года праявілі сябе у дабрачыннай дзейнасці – кіраўнікі і прадстаўнікі дзяржаўных, грамадскіх і прыватных арганізацый, індывідуальныя прадпрымальнікі, асобныя грамадзяне. Усяго на вечар былі запрошаны больш за пяцьдзясят дабрачынцаў.


Усіх іх запрасілі на святочны вечар па прапанове ўстаноў адукацыі, культуры, сацыяльных і медыцынскіх устаноў, якім на працягу года гэтыя добрыя людзі аказвалі падтрымку, дапамагалі грашовымі сродкамі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Ад імя раённага выканаўчага камітэта намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава выказала вялікую ўдзячнасць за добрыя справы, за шчырасць душы, за шчасце, дабрыню і любоў, якія дабрачынцы нясуць людзям.

Падзячны ліст уручаюць дырэктару Мішневіцкай дзіцячы сад-базавай школы П. У. Спірыдонаву.

Усім ім былі ўручаны падзячныя лісты райвыканкама і калядныя сувеніры, зробленыя рукамі дзяцей.
Сярод дабрачынцаў была і старшыня Віцебскай абласной арганізацыі «Беларускі фонд міру» Таццяна Туманава, якая шчыра падзякавала за высокую ацэнку дзейнасці Фонду міру і падкрэсліла, звяртаючыся да ўсіх прысутных у зале: «Фонд міру – гэта ў першую чаргу ўсе вы, кожны, хто ўносіць у Фонд свае ўзносы. Менавіта сабраныя вамі сродкі дазваляюць аказваць падтрымку тым, хто мае патрэбу. Таму гэтыя добрыя словы і высокую адзнаку я адрасую вам – сябрам Фонду міру».
Павіншаваў прысутных іерэй Вадзім Яско. Святар нагадаў гісторыю ўзнікнення свята Раства, адзначыўшы, што кожны чалавек працягвае справу Ісуса Хрыста, калі робіць добрыя справы, нясе радасць і шчасце іншым людзям.
Работнікі культуры, самадзейныя артысты падрыхтавалі да свята цудоўны канцэрт. Са сцэны гучалі калядныя і навагоднія песні ў выкананні народнага фальклорнага калектыву «Гульбічы», вакальнай групы народнага хору «Світанак», эстраднай групы «Шанс», салістаў Ірыны Салаўёвай, Дар’і Сцяпанавай, Валерыя Першукевіча, Юрыя Грыцкевіча, Ірыны Намеснікавай. Узорная студыя «Асарці» і танцавальны калектыў «Шарм» прапанавалі захапляльныя харэаграфічныя нумары.
Гэты калядны вечар падвёў вынікі добрых спраў за мінулы год. Але добрых людзей не становіцца менш, а значыць у 2020 годзе на гэтым свеце будзе яшчэ больш дабрачынцаў і дабрачынных спраў, дзякуючы якім яшчэ больш людзей атрымаюць падтрымку і радасць, павераць у цуды, стануць крыху больш шчаслівымі. Значыць, больш шчаслівым стане і ўвесь свет.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №3 ад 14.01. 2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *