Кубак Надзеі
У нашым раёне паспяхова развіваецца дзіцячы футбол, асабліва гэта тычыцца дзяўчынак. Менавіта футбалісткі апошнія два гады моцна заявілі пра сябе і на абласным, і на рэспубліканскім узроўнях. Найбольш гучны поспех: мінулагодняе другое месца каманды «Шуміліна STARS» на першынстве рэспублікі. Гэты калектыў трэніруе настаўнік фізкультуры Слабадской школы Уладзімір Кучко, яму дапамагае настаўнік геаграфіі Слабадской школы Уладзіслаў Траццякоў.
Уладзімір і Уладзіслаў у мінулым годзе сталі ініцыятарамі правядзення кубка Надзеі па міні-футболе сярод дзяцей. Тады за перамогу змагаліся 5 каманд з Шуміліна і Слабады.
Другі кубак Надзеі стартаваў на восеньскіх канікулах. За перамогу змагаліся 7 каманд з шумілінскіх СШ №1 і СШ №2, Слабадской школы і ФАЦ. У спаборніцтвах бралі ўдзел хлопчыкі і дзяўчынкі 3-5 класаў, усяго ўдзельнічала каля 60 спартсменаў. Спонсарамі кубка сталі Віцебская абласная фэдэрацыя футбола і шумілінцы Кірыл Буланаў і Яўген Масько. У спартыўных залах СДЮШАР і ФАЦ было праведзена 12 тураў. Трэба адзначыць, што гульні праходзілі па выхадных і вечарах. Кожны дзень спаборніцтваў збіраў багата гледачоў: падтрымлівалі ў асноўным каманды бацькі і сваякі юных футбалістаў. «У першую чаргу ставілі за мэту даць кожнаму з юных футбалістаў гульнявую практыку, – расказвае Уладзімір Кучко. – А таксама праверыць магчымасці каманд на працягу некалькіх тураў. У спаборніцтвах удзельнічалі як хлопчыкі, так і дзяўчынкі».
29 снежня ў СДЮШАР прайшоў заключны тур спаборніцтваў. Фактычна да гэтага дня пераможца і прызёры ўжо вызначыліся. Але гэта ніяк не паўплывала на якасць гульні футбалістаў. Каманды поўнасцю выкладваліся: лідары хацелі пацвердзіць тое, што яны не дарэмна на верхніх радках турнірнай табліцы, а астатнія быццам спрабавалі даказаць сабе, што такі вынік і становішча – няправільныя.
Як адзначыў Уладзіслаў Траццякоў, кубак Надзеі і надалей плануецца праводзіць, праўда, ёсць ідэі значна павялічыць геаграфію каманд-удзельніц.
І вось узнагароджанне лепшых. Першае месца заваявала каманда «Брыкет-1» (трэнер Уладзіслаў Траццякоў), другое – каманда дзяўчынак «Слабада STARS» (Уладзімір Кучко), трэцяе – «Шумілінская СШ №1» (Сяргей Сахончык). Лепшым футбалістам і бамбардзірам стала Ксенія Юрчанка са «Слабады STARS», на рахунку якой 24 галы. Усе каманды атрымалі ад ФАЦ сертыфікаты на бясплатнае наведванне басейна.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №2 ад 10.01.2020 г.