Спортивные новости. На пъедестале – Шумилино

Новости Спорт, туризм

Перамога шумілінскіх футбалістак

10 снежня, у Сусветны дзень футбола, у Шуміліне прайшоў турнір па міні-футболе сярод дзяўчынак 2006-2008 гадоў нараджэння і маладзей. За перамогу змагаліся футбалісткі з Шуміліна (дзве каманды), Віцебска (дзве каманды), Верхнядзвінска (дзве каманды) і Сянно.

Гонар Шуміліншчыны абаранялі зборныя каманды, складзеныя з вучаніц Слабадской, Обальскай, Мішневіцкай школ і СШ №2. «На турнір заяўлены спартсменкі, якія гуляюць у вялікі футбол на першынстве краіны ў дывізіёне #ФРОСЯ, – расказаў настаўнік фізкультуры Слабадской школы Уладзімір Кучко, які трэніруе шумілінскіх футбалістак. – Перад турнірам дзяўчаты раздзяліліся на дзве каманды: у “Шуміліне” гуляюць старэйшыя футбалісткі, а ў “Шуміліна STARS” – маладзейшыя. Турнір – гэта добрая магчымасць найграць гульнявыя моманты, напрацаваць сувязі».
Дзве шумілінскія каманды без праблем выйгралі свае групы (на дзве каманды было забіта 20 галоў, прапушчана – 4). Такім чынам, нашы зямлячкі паміж сабой змагаліся за першае месца ў фінале. Перамогу святкавалі больш вопытныя футбалісткі з «Шуміліна».
Лепшым іграком спаборніцтваў была прызнана Ксенія Юрчанка з «Шуміліна STARS». Дарэчы, Ксенія разам з сяброўкамі па камандзе Кацярынай Пусянковай і Марыяй Несцеравай трапілі ў склад зборнай Віцебскай вобласці, якая ў бліжэйшы час будзе абараняць гонар Прыдзвіння на першынстве Беларусі па міні-футболе сярод дзяўчат 2008-2009 гадоў нараджэння.

Годныя выступленні шумілінцаў
У Беларусі працягваюцца гульні рэспубліканскага першынства дзіцяча-юнацкай валейбольнай лігі «Мяч над сеткай» сярод хлопцаў і дзяўчат. Шумілінскія каманды паспяхова выступаюць на рэспубліканскай арэне.


5-7 снежня ў Оршы прайшоў другі тур лігі сярод хлопцаў. Па выніках двух тураў каманда Шумілінскай СДЮШАР займае другое месца.
13-15 снежня Шуміліна прымала гульні другога тура лігі сярод дзяўчат. Каманды з групы «Б» («Шумілінская СДЮШАР», ВК «Мінск», «Жанчужына Палесся-2» (Мазыр) і «Вучылішча алімпійскага рэзерву») гулялі супраць каманд групы «А» (баранавіцкі «Атлант», мазырская «Жамчужына Палесся-1», салігорскі «Шахцёр» і брэсцкая «Вікторыя»).
Шумілінскім заўзятарам каманды прапанавалі 16 высокакласных гульняў, большасць сустрэч праходзіла з чатырох ці пяці партый. Безліч хваляванняў і проста добрага валейболу. Важна, што наша каманда, якую трэніруе Людміла Харкавец, была на вядучых ролях.
Сустрэчы для шумілінскіх валейбалістак былі няпростыя. Прыходзі-лася паказваць усё, чаму навучыліся на трэніроўках. На роднай пляцоўцы «Шумілінская СДЮШАР» абыграла «Шахцёр» і «Вікторыю». Матч супраць «Атланта» аказаўся адным з самых драматычных: сапернікі абмяняліся партыямі, а ў пятай рашаючай нашы зямлячкі вялі ў ліку, але ж для перамогі крыху не хапіла. Па выніках двух тураў каманда Шумілінскай СДЮШАР займае трэцяе месца.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №98 ад 17.12.2019 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *