Неделя благотворительных мероприятий, посвящённых Дню инвалидов,прошла в Шумилинском районе

Новости Общество

Жыццё без абмежаванняў

На Шуміліншыне прайшоў тыдзень дабрачынных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня інвалідаў.

Юрый Галёнаў зрабіў яркае свята для дзяцей.

Мы не часта задумваемся, як многа ў свеце жыве людзей з абмежаванымі магчымасцямі і з якім праблемамі штодзень, кожную хвіліну ім даводзіцца сутыкацца, як ім прыходзіцца выжываць і як, нягледзячы на цяжкасці, атрымліваецца заставацца ў гушчыні падзей і не згубіць інтарэс да жыцця.
Каб звярнуць увагу ўсяго грамадства ў цэлым на праблемы людзей-інвалідаў, аказаць падтрымку, зрабіць так, каб людзі адчулі, што яны не забыты, пра іх памятаюць і страюцца зрабіць іх жыццё больш камфортным і зручным, 3 снежня ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень інвалідаў. Беларусь не выключэнне. Шматлікімі дабрачыннымі мерапрыемствамі адзначыў наш раён гэтую дату.
Роўны сярод роўных
Не першы год супрацоўнікі Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея рэалізоўваюць праграму інклюзіўнай адукацыі, бо перакананы, што для кожнага чалавека, незалежна ад узросту, фізічных, інтэлектуальных, сацыяльных і іншых асаблівасцяў павінен быць свабодны і безбар’ерны доступ да навучання і выхавання. «Музей – для ўсіх!» – аб’явілі яны і ўзялі пад сваю апеку выхаванцаў раённага карэкцыйна-развіваючага цэнтра. Цяпер дзеці – частыя госці ў музеі, прычым, ідуць сюды з вялікім задавальненнем і радасцю, бо адчуваюць тут цеплыню і шчырасць. І што самае галоўнае – адчуваюць сябе тут роўнымі.
Супрацоўнікі музея стараюцца зрабіць кожную сустрэчу яркай, карыснай і радаснай. Запомнілі дзеці Дзень ведаў. Колькі станоўчых эмоцый падарыла выстава папугаяў, якая нядаўна ладзілася ў сценах музея! Не адзін раз прыходзілі выхаванцы на сустрэчу з пярнатымі сябрамі.
Не менш эмацыянальным атрымалася мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня інвалідаў. На прапанову зрабіць дзеткам з карэкцыйна-развіваючага цэнтра сапраўднае свята, змешчаную ў сацыяльных сетках, адгукнуліся нераўнадушныя людзі. Дзве дзяўчыны прынеслі ў музей цэлы пакет прысмакаў, не назваўшы пры гэтым свае імёны і прозвішчы (проста так, ад душы). Прынеслі падарункі жыхаркі райцэнтра Ірына Цвяткова, Ірына Попелава, Святлана Архіпава, супрацоўнікі музея.
А вось шоу дзеткам падарыў індывідуальны прадпрымальнік Юрый Галёнаў з Віцебска, які мае ўласную арт-студыю. Проста прыехаў і зрабіў яркае свята! Гульні, шоу мыльных бурбалак з музычным суправаджэннем, прыемныя сюрпрызы і падарункі – на гэта Юрый не пашкадаваў ні часу, ні сіл. І атрымаў у адказ дзіцячыя ўсмешкі, апладысменты і шчырыя “дзякуй”!
Свята закончылася салодкім сталом з тортам, спечаным Святланай Сталяровай, гаспадыняй салона “Фота+”, сардэчным і спагадлівым чалавекам, якога таксама хапае на добрыя справы.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №96 ад 10.12.2019 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *