Выйдет ли из кризиса Обольский керамический

Экономика

Обольский керамический завод

Пра керамічны і “шокавы” боль
Калі шчыра, мястэчку Обаль у плане публікацый у раённай газеце шанцуе менш, чым, скажам, Шуміліну. Вінавата ў гэтым, перш за ўсё, яго аддаленасць. Гэтую “дыскрымінацыйную” з’яву рэдакцыя газеты вырашыла  паправіць, наладзіўшы па сутнасці першы Дзень падпісчыка менавіта на Обальшчыне.
Обальскі керамічны завод. Тры гады назад прадпрыемства святкавала сваё 80-годдзе. Усяго было ў гісторыі завода — і невыносна цяжка было, і радаваліся кожнаму здабытку, кожнай працоўнай перамозе. Быў час, калі завод грымеў ледзь не на ўвесь Савецкі Саюз, калі завадчане былі на піку славы.
Сёння прадпрыемству архіцяжка: ён працуе тры дні на тыдні. Часова, хаця цяжка сказаць, наколькі гэтая часовасць не стане яго бу-дзённасцю. Ці не станецца так, што завод наогул спыніць работу…
Дырэктар завода В. А. Старыковіч не губляе аптымізму. Ён рэаліст, разумее, што да сённяшняй сітуацыі прадпрыемства прыйшло не ўчора і нават не год назад. Апошнім часам  многае было зроблена для пошукаў замежных інвестараў на будаўніцтва цэха па вытворчасці парызаванай цэглы. Як прызнаўся  Віталь Алегавіч, усе інвестары  былі згодны выдаць заводу крэдыт пад 10% гадавых. Такі варыянт абальчан не задавальняў.
Сёння Обальскі керамічны завод чакае акцыяніраванне. Работа гэтая ўжо распачата, праўда, зноў-такі справа гэта не аднаго тыдня. Прыязджалі спецыялісты з ААТ “Кераміка” г. Віцебска з тым, каб разгледзець магчымыя варыянты для выратавання завода ў Обалі. Справа ўскладняецца тым, што “Кераміцы” “навесілі” ўжо   гаспадарку Віцебскага раёна. Цяжкім каменем, шчыра кажучы, цягнуў не адзін год ОКЗ філіял у Расонах. Сёння трэба рашаць лёс філіяла, бо засталося там чалавек 50, не больш.
Трэба сказаць, кіраўніцтва ОКЗ не сядзіць склаўшы рукі. Дырэктар В. А. Старыковіч расказаў: на базе будаўнічага цэха завода створана даччынае прадпрыемства “Обальбуд”, многія рабочыя знайшлі тут сваё новае працоўнае месца. Тым не менш, 650 чалавек, якія штодзень праходзяць праз заводскую прахадную, ды і ўся Обаль застыла ў чаканні: што будзе з іх рабочым месцам, з заводам, з Обаллю…
У Дзень падпісчыка завіталі ў Обальскую ўчастковую бальніцу. Галоўны ўрач С. М. Бучкіна прызналася: раённую газету выпісваюць не ўсе ў калектыве. Папрасілі Святлану Мікалаеўну сабраць людзей у актавую залу. Выступілі, расказалі пра газету, пра тое, што чалавеку, які жыве ў раёне, варта цікавіцца тым, чым раён жыве, уплываць, калі трэба, на сітуацыю і самому. Не прамінулі сказаць і аб ільготах тым, хто аформіць падпіску на раёнку зараз жа, неадкладна. У выніку адгукнуліся трое людзей — трое новых падпісчыкаў. Як кажуць, найцяжэй, пакуль з месца…
У час сустрэчы С. М. Бучкіна не ўстрымалася, павяла гаворку пра Обальскі керамічны завод. “Мы ў мястэчку не знаходзім сабе месца, — прызнаецца галоўны ўрач бальніцы. — Ці не закрыюць наогул?..”.
Без ОКЗ Обалі ніхто не можа ўявіць. Адсюль і “шокавы” боль.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *