Каб у сем’ях быў лад
Работа па прафілактыцы сямейнай нядбайнасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, а таксама стан аховы працы ў арганізацыях раёна былі разгледжаны на пасяджэнні райвыканкама 25 лістапада. У пасяджэнні браў удзел намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Генадзь Дыско і намеснік пракурора Віцебскай вобласці Георгій Каранько.
Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Віктар Гутараў падкрэсліў, што пытанні, вынесеныя на абмеркаванне, маюць важнае значэнне для раёна. Так, у раёне пражывае 3195 дзяцей ва ўзросце да 18 год, але ў шэрагу выпадкаў маецца не самая спрыяльная сітуацыя для іх жыцця: 58 дзяцей з 24 сямей знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Кожная сям’я ў такой сітуацыі прымушае нас ушчыльную займацца ёй, як крайняя мера ў выпадку пагрозы для дзяцей выкарыстоўваецца адбіранне іх з сям’і. «Задача суб’ектаў прафілактыкі – спрацаваць на апярэджанне, не дапусціць крытычнага становішча, – падкрэсліў кіраўнік раёна. – Школы, камісія па справах непаўналетніх, участковыя, іншыя службы павінны працаваць у адзінай звязцы. Мэта сённяшняга абмеркавання – зразумець, дзе нашы рэзервы, як выправіць работу, каб менш дзяцей знаходзілася ў складаных сітуацыях».
Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, якая выступала па першым пытанні парадку дня, адзначыла, што ў раёне выпрацаваны пэўны механізм узаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі на аснове нарматыўнай і заканадаўчай базы, у першую чаргу, гэта Дэкрэт №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядбайных сем’ях” і Закон “Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх”.
У раёне назіраецца тэндэнцыя зніжэння колькасці дзяцей, прызнаных у сацыяльна небяспечным становішчы са 191 (58 сямей) у 2017 годзе да 58 (24 сям’і) ў 2019 годзе. За 10 месяцаў бягучага года былі зняты з уліку 163 дзіцяці з 82 сямей. Пры гэтым ужо маюцца факты паўторнай пастаноўкі на ўлік дзяцей, што сведчыць пра паспешлівасць устаноў адукацыі пры зняцці іх з уліку, падкрэсліла дакладчык. У дакладзе адзначалася, што не ўсе суб’екты прафілактыкі працуюць над выяўленнем дзяцей у небяспечным становішчы: большая частка паведамленняў паступае ад РАУС, суда, РАНС, ЦРБ, энергазбыту і энерганагляду, але ніводнага паведамлення не было ад сельвыканкамаў, ЖКГ, ТЦСАН.
Для выхаду з цяжкай жыццёвай сітуацыі сёлета 108 сямей (у якіх выхоўваецца 327 дзяцей) атрымалі дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу на агульную суму 121,9 тысячы рублёў.
У крытычных сітуацыях дзеці прызнаюцца ў неабходнасці дзяржаўнай абароны (НГЗ): на 1 студзеня 2019 года было 9 дзяцей з 5 сямей, на працягу года да іх дадалося яшчэ 14 дзяцей з 9 сямей. Дзякуючы праведзенай рабоце, былі зняты з уліку НГЗ 12 дзяцей з 8 сямей, у тым ліку 5 дзяцей вярнуліся ў біялагічныя сем’і.
Была прааналізавана і работа па прафілактыцы правапарушэнняў непаўналетнімі. У раёне праводзяцца выязныя пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, разбіраецца кожны выпадак правапарушэнняў, вядзецца пастаянны кантроль за дзецьмі, якія знаходзяцца на ўліку, арганізуецца вольны час школьнікаў, іх працоўная дзейнасць, што станоўча ўплывае на крымінагенную сітуацыю ў асяроддзі непаўналетніх.
“Дзеці – гэта наша сучаснае, будучым яны могуць стаць, толькі калі мы дапаможам ім сёння. Заўтра будзе позна”, – цытатай рускага пісьменніка Альберта Ліханава завяршыла справаздачу Ірына Шалахава.
З інфармацыямі пра работу сваіх аддзелаў з непаўналетнімі выступілі начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова і начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксей Захаранкаў.
Адбылося актыўнае абмеркаванне пытання, у ходзе якога старшыня райвыканкама Віктар Гутараў і намеснік Генеральнага пракурора Генадзь Дыско нацэльвалі суб’екты прафілактыкі на больш зладжаную работу, было прапанавана дапоўніць праект рашэння канкрэтнымі задачамі кожнаму з суб’ектаў прафілактыкі па адпаведных накірунках работы.
Выступаючы на пасяджэнні, Генадзь Дыско адзначыў, што за бягучы год у краіне загінула ў ДТЗ 14 дзяцей, патанула 24, з-за дзяцей адбылося 80 пажараў. І асноўная прычына – недагляд дарослых. Таму неабходна актыўная прафілактычная работа, не простае выяўленне праблем, а вызначэнне шляхоў іх рашэння, адзначыў ён.
Па другім пытанні парадку дня выступала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Валекава. Святлана Валянцінаўна засяродзіла ўвагу прысутных на такім баку рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта краіны №1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны», як стварэнне спрыяльных умоў працы і яе аховы. Паказчыкі вытворчага траўматызму сведчаць пра недастатковасць гэтай работы. Так, на многіх прадпрыемствах не праводзяцца штогадовыя медыцынскія агляды работнікаў, некаторыя сельгасарганізацыі не забяспечылі работнікаў спецадзеннем, неабходна ўзмацніць кантроль за станам людзей не толькі ў пачатку работы, але і на працягу дня.
Старшыня райвыканкама заўважыў, што гэта пытанні, якія ставяць пад пагрозу жыццё і здароўе людзей, асабліва ў сельскай мясцовасці, дзе работнікі прадпрыемстваў перамяшчаюцца па дарогах без святловяртальных элементаў на адзенні ў цёмны час сутак, з-за таго, што не праводзяцца медагляды, хваробы выяўляюцца ў запушчаным стане. Гэта ўсё пытанні дысцыпліны і адказнасці для кіраўнікоў арганізацый, бо менавіта яны адказваюць за ахову працы на прадпрыемствах, падкрэсліў кіраўнік раёна і запатрабаваў дапрацаваць рашэнне з унясеннем канкрэтных тэрмінаў і адказных за выкананне.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №93 ад 29.11.2019 г.