У Шуміліне з’явіўся стэнд з інструментамі для самастойнага рамонту веласіпедаў – веламаячок

Актуалии Новости Общество Экология

Едзь на веламаячок
У Шуміліне з’явіўся стэнд з інструментамі для самастойнага рамонту веласіпедаў – веламаячок. Устаноўлены ля фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, ён, можна не сумнявацца, не раз выручыць аматараў гэтага віду транспарту ў такіх дробных непрыемнасцях, як спушчанае кола ці зляцеўшы ланцуг.

– Гэта чарговы этап праекта па развіцці веларуху ў раёне, які рэалізуецца нашым аб’яднаннем пры падтрымцы Еўрапейскага саюза, – адзначыла старшыня  грамадскага аб’яднаня “ЭкаБум” Ірына Кулікава. – У бліжэйшы час мы збіраемся прамаркіраваць веламаршруты па раёне, а таксама набыць тры веласіпеды для навучання дзяцей яздзе на іх.
На станцыі ўстаноўлены базавы набор інструментаў для настройкі двухколавага транспарту і помпа, з дапамогай якой можна падкачаць колы веласіпеда ці дзіцячай каляскі, а таксама, да прыкладу, спушчаны мячык.   Магчымасці веламаячка прадэманстраваў дырэктар ФАЦа Аляксей Ляснічы.
Адзначым, што Цэнтрам экалагічных рашэнняў у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Гарадскі веларух у Беларусі” запланавана ўстаноўка 21 веласіпеднай станцыі. Шумілінскі веламаячок стаў сёмым у краіне і першым у Віцебскай вобласці. Яго кошт складае амаль паўтары тысячы рублёў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №89 ад 15.11.2019 г.