Шумілінскія баяністы прывезлі крыштальны васілёк
Шумілінская дзіцячая школа мастацтваў пастаянна адкрывае для сябе новыя гарызонты і скарае новыя вяршыні. Педагогі школы справядліва лічаць, што талент, прызнаны роднымі і блізкімі, – гэта адно, і зусім іншае, калі гэта прызнанне пацверджана прафесійным журы прэстыжнага IV Міжнароднага конкурсу мастацтваў “Крыштальны васілёк”.
Менавіта з гэтага конкурсу шумілінскія баяністы вярнуліся з граматамі лаўрэатаў і заслужанай гордасцю.
Канстанцін Багачоў, Уладзіслаў Шавяка, Дзмітрый Намеснікаў, Кірыл Чаброў, Вячаслаў Аляксееў і Ксенія Лапатнёва – ансамбль баяністаў (ён уваходзіць у склад узорнага баяннага аркестра школы) пад кіраўніцтвам Святланы Чартковай стаў лаўрэатам III ступені ў намінацыі “Народныя інструменты. Баян, акардэон”, атрымаў дыплом, падарункі і сімвал конкурсу – крыштальны васілёк.
А Канстанцін Багачоў (настаўніца А. Д. Ільінец) выступіў яшчэ і ў намінацыі “Баян, акардэон. Сола”. Выступіў удала і па праву можа ганарыцца дыпломам II ступені.
Гэта высокі вынік, лічаць Святлана Барысаўна і Аксана Дзмітрыеўна, улічваючы маштабнасць конкурсу, на які сабралася больш за сто ўдзельнікаў з Беларусі (Мінск, Брэст, Гродна і інш), Расіі, Украіны і Казахстана.
Для журы зладжанае яркае выступленне шумілінскіх баяністаў стала адкрыццём. Бліскуча, на адным дыханні прагучалі музычная кампазіцыя Р. Вільданава з кінафільма “Вогненныя дарогі”, “Лірычны настрой” Я. Дзярбенкі, “Полька-Дробненька” В. Кузняцова. І гэтае выступленне, думаецца, дадало бонусаў і нашаму невялікаму гарадку ў вачах усіх удзельнікаў конкурсу.
На гэтым жа конкурсе Аксана Ільінец была ўзнагароджана спецыяльнай прэміяй “За ўклад у культурна-эстэтычнае выхаванне дзяцей і юнацтва”. Гэта прэмія дае права льготнага ўдзелу яе вучню ў Міжнародным фестывалі-конкурсе ў рамках праекта “Караван культуры – 2019/2020”.
Дарэчы, як мы даведаліся, фестываль-конкурс пройдзе ў Заходнім Памор’і, горадзе Волін (на мяжы Польшчы і Германіі). Спадзяемся ў хуткім часе атрымаць адтуль прыемныя весткі.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №88 ад 12.11.2019 г.