“Залатая рыбка” пабывала ў Полацку
Кіраўнік танцавальнага калектыву “Залатая рыбка” пры раённым Цэнтры дзяцей і моладзі Дзмітрый Карась лічыць, што нельга навучыцца танцам, не ведаючы гісторыі беларускай харэаграфіі, не пераймаючы вопыт іншых, не ўдасканальваючы свае танцавальныя пастаноўкі. Не так даўно з’явілася магчымасць у юных шумілінскіх танцораў паглядзець, якога плёну дамогся аматарскі тэатр танца “Прэм’ер-Спонайд” з Полацка. Калектыў пацвярджаў званне заслужанага аматарскага калектыву танцу. На фэст, які наладзілі ў Палацы культуры ААТ “Полацк-Шкловалакно”, прыехалі госці з Мінска, Віцебска, са Славакіі. Была арганізавана паездка на мерапрыемства і выхаванцаў “Залатой рыбкі” і іх бацькоў.
Гледачам быў прадстаўлены харэаграфічны спектакль “Адвечнае” (балетмайстар-пастаноўшчык Вераніка Навіцкая). Ён надзвычай уразіў шумілінскіх гледачоў, дзеці замілавана глядзелі на прыгожую дзею, было зразумела, што танец-споведзь “Адвечнае” запаў у сэрца кожнага маленькага гледача – выхавальніка калектыву “Залатая рыбка”.
Пачуццёвасць харэаграфічнага спектакля ўзняла настрой дзяцей, і ў аўтобусе, які, дарэчы, выдзеліў аддзел адукацыі райвыканкама (вялікі дзякуй за гэта начальніку аддзела П. У. Спірыдонаву) не змаўкалі вясёлыя дзіцячыя песні…
У бліжэйшы час “Залатую рыбку” чакаюць навагодні спектакль “Прыгоды ў цырку” і ўдзел у навагоднім ранішніку Палаца культуры ААТ “Полацк-Шкловалакно”, дзе дзеці сустрэнуцца з Дзедам Марозам і Снягуркай. А самае галоўнае, на навагоднім свяце адбудзецца дэбют шумілінскага калектыву з танцам “Гномікі”: яны ўпершыню пакажуць, на што здатныя.
Вольга МАКАТОВІЧ.
Надрукавана ў №91 ад 25.11.2011 г.