Першыя ў вобласці
Каманда Шумілінскай СДЮШАР выйграла першынство Віцебскай вобласці па валейболе сярод дзяўчат 2005-2006 года нараджэння. Чэмпіёнамі вобласці шумілінскія валейбалісткі сталі ўпершыню за 25 год.
Выдатна паказалі сябе на спаборніцтвах асноўныя ігракі каманды: Кацярына Асташонак, Марыя Кралько, Наталля Казьміна, Кацярына Вінаградава, Аксана Быстрова, Анастасія Бабарэка, Аксана Навіцкая (трэнер Людміла Харкавец). У любы момант гатовы былі выйсці на пляцоўку і дзяўчаты з бліжэйшага рэзерву каманды – Кацярына Раманава і Ганна Карнякова, Вікторыя Асташонак, Святлана Тарасава і Яна Ярыга, якія займаюцца ў Любові Бабовай і Юрыя Пальвінскага.
Нашы зямлячкі ўпэўнена перамаглі каманды «Віцебск-2», «Ві-цебск-1», «Наваполацк» і «Міёры». А ў фінале сустрэліся з бешанковіцкімі валейбалісткамі. Пасля першай партыі, якую прайгралі, трэнер Людміла Харкавец спакойна і патрабавальна звярнулася да каманды: «Ну што, прачнуліся? А цяпер пачалі гуляць!». І дзяўчаты пачулі трэнера, паказаўшы адну з лепшых сваіх гульняў: падачы і прыёмы былі практычна ўзорнымі, атрымліваліся непрабіўныя блокі і цікавая камбінацыйная гульня. Як вынік – перамога ў фінале і званне чэмпіёнаў вобласці.
– Пачалі падрыхтоўку да першынства год назад, калі дырэктар спартыўнай школы А. В. Асташонак даў «зялёнае святло» для нашага ўдзелу ў рэспубліканскай валейбольнай дзіцячай лізе. Вельмі дапамог і дамашні турнір, на якім перад першынством мы не толькі праверылі свае сілы, а і змаглі разбудзіць сапраўдны камандны дух пераможцы, – адзначыла Людміла Харкавец.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №86 ад 01.11.2019 г.