Чаму людзі не даражаць жыццём?
або Мemento morі
Вы не заўважалі, што апошнім часам людзі сталі абыякава адносіцца да свайго жыцця? Абясцэньваюць яго, не берагуць у самых звычайных сітуацыях: калі пераходзяць дарогу, уткнуўшыся ў смартфон, калі ідуць па краі з навушнікамі, калі не пазначаюць сябе флікерам, калі ігнаруюць пешаходны пераход…
Чаму мы ставімся да жыцця з недаравальнай лёгкасцю? Кажуць, што калі сам чалавек перастае клапаціцца пра сваю бяспеку, ад яго і анёлы-ахоўнікі адварочваюцца – у іх проста няма сіл, каб штодзённа клапаціцца і ратаваць. Напэўна, не хапіла сіл у ахоўнікаў-анёлаў дзвюх жанчын, якія на мінулым тыдні трапілі пад колы аўтамабіля.
Адна жанчына, якая размяняла пяты дзясятак, раніцай вырашыла перабегчы вуліцу Кароткіна ў 15 метрах ад пешаходнага перахода і трапіла пад колы аўто. Атрымала цялесныя пашкоджанні сярэдняй цяжкасці, знаходзіцца на лячэнні ў бальніцы. Супрацоўнікі ДАІ разбіраюцца ў гэтым здарэнні, але факты не зменшаюць бязглуздасць і незразумеласць паводзін сталай жанчыны.
Другая, 23-гадовая маладзіца, без флікераў а сёмай гадзіне вечара ішла ў бок Полацка па сярэдзіне дарогі Р-20. Вадзіцель, які рухаўся ў спадарожным накірунку, не мог у цемры здалёк убачыць пешахода. А машына, як вядома, не можа імгненна спыніцца. У выніку жанчына з цяжкімі траўмамі дастаўлена ў бальніцу, знаходзіцца ў рэанімацыі.
Як паведамілі супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі, у абодвух выпадках вадзіцелі цвярозыя, а вось жанчыны-пешаходы – п’яныя. Што рабіць вадзіцелю, калі пешаходы самі кідаюцца пад машыну, калі ідуць па праезнай частцы?
Ці возьмем веласіпедыстаў, якія і цвярозыя часта не прытрымліваюцца правілаў дарожнага руху, ну, а п’яныя – увогуле забойцы на дарозе. Свежы ў памяці выпадак, калі на дарозе Р-20 каля Завяззя нецвярозы веласіпедыст апынуўся пад коламі вялікагрузнага аўтамабіля. Траўмы былі несумяшчальныя з жыццём. А вось нецвярозаму веласіпедысту з Добрына, можна сказаць, пашанцавала: ён застаўся жывым, калі ля Мікіціхі трапіў пад колы аўто.
Дык што, п’янаму і мора па калена? Магчыма, калі б былі цвярозыя, падумалі пра жыццё, пра сям’ю, пра дзяцей, наогул пра паводзіны ў канкрэтнай сітуацыі. Гэта тычыцца і пешаходаў, і вадзіцеляў, і веласіпедыстаў.
Дарэчы, нярэдка правілы дарожнага руху свядома парушаюць цвярозыя пешаходы і вадзіцелі. Нядаўна на аўтадарозе Р-20 (ля сасонніка) была ўсталявана камера фотафіксацыі. Прылада працуе, але пакуль што ў тэставым рэжыме: рэагуе на перавышэнне хуткасці, спрацоўвае ўспышка. Асобныя вадзіцелі тэлефануюць у аддзел унутраных спраў і абураюцца, чаму няма папераджальнага знака аб устаноўленай камеры. А на што абураюцца – на сябе, на тое, што самі перавышаюць хуткасць? Калі паназіраць, дык “міргае” камера на кожны другі аўтамабіль. Не парушайце хуткасны рэжым – і міргаць не будзе. Ды і на дарозе стане бяспечна для пешаходаў і для саміх вадзіцеляў і іх пасажыраў.
За 9 месяцаў 2019 года ў рэспубліцы адбылося 2424 ДТЗ, у якіх загінула 337 чалавек, 2615 паранена.
У Віцебскай вобласці за гэты ж перыяд зарэгістравана 254 ДТЗ, 58 чалавек загінула і 259 паранена (у 2018 годзе загінула 44). З удзелам пешаходаў на Віцебшчыне зарэгістравана 86 дарожна-транспартных здарэнняў (21 чалавек загінуў, 71 паранены), з якіх 32 ДТЗ адбыліся па віне пешаходаў.
У Шумілінскім раёне адбылося 6 ДТЗ, у якіх 3 чалавекі загінулі і 6 паранена.
Зводкі дарожна-транспартных здарэнняў нагадваюць ваенныя: загінуў, атрымаў раненні, пераломы, пацярпеў – «вайна на дарогах», як ні сумна, ідзе сёння, у мірным жыцці. І вінаваты ў гэтым мы, калі не беражом уласнае жыццё, злоўжываем спіртнымі напіткамі, не клапоцімся пра бяспеку іншых. Рэдка хто помніць знакамітае выказванне «memento morі» – «памятай пра смерць», якая заўжды побач і толькі чакае свайго часу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №86 ад 01.11.2019 г.