“Не спальвайце сваё жыццё”
У СШ № 2 працуе гурток “Юны выратавальнік”, які наведваюць вучні восьмага класа. Хлопцы і дзяўчаты не толькі вучацца пажарнай бяспецы, але і дапамагаюць спецыялістам райаддзела па надзвычайных сітуацыях праводзіць розныя прафілактычныя мерапрыемствы. Як, напрыклад, акцыя “Не спальвайце сваё жыццё”, якая была праведзена на мінулым тыдні ў райцэнтры.
Дзеці ў спецыяльнай пажарнай форме (яна закуплена райаддзелам для гурткоўцаў) у выхадныя дні працавалі ў месцах, дзе гуртуюцца людзі. Раздавалі ім спецыяльна падрыхтаваныя лістоўкі “Беражыце жыццё дзяцей” і “Не спальвайце сваё жыццё” ва ўніверсаме, на чыгуначным і аўтавакзалах, на прывакзальным рынку, на вуліцах нашага горада.
“Падобныя акцыі – вялікая дапамога нам, выратавальнікам, – адзначае намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях В. Б. Чайкін. – Дзеці і самі пазнаюць многа новага пра пажарную бяспеку, і вучаць гэтаму дарослых і сваіх равеснікаў. Да таго ж, яны заняты ў выхадныя дні карыснай справай. Падчас акцыі і за тыдзень пасля яе ў райаддзел не паступала ніводнага сігналу аб пажарах. Магчыма, паспрыяла і гэтаму ў нейкай ступені і дзіцячая акцыя.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №90 ад 22.11.2011 г.